Читать «На беразе (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Кузьма Черный

Хай iдзе Мiхась, куды хоча, - думаў ён далей. - Нiколi не трэба станавiцца чалавеку на дарозе, калi ён чаго шукае. Шукаючы i хочучы, усё знойдзеш. Хто шукае разумнага - таму памажы.

Але цi разумнага шукае Мiхась?

Загаварылi многiя цяпер па-новаму. Многа iх з'явiлася i зусiм новых. Павярнулi ўсё жыццё, пакiнулi багатую спадчыну мiнулага".

I тут у Амелькi блiснула новая думка-пытанне:

"Чаго гэтыя, новыя людзi заўсёды так радасны, такiя вясёлыя?!

Значыць, у жыццi яны бачаць нейкую радасць, нейкае няшчасце. Знаюць яны кожны крок свайго жыцця...

Iдзi, Мiхась", - думаў далей Амелька.

За Дунаем стаiць хатачка-а-а...

перарваў яго думкi высокi чысты голас. Спяваў чалавек, паволi пад'язджаючы к парому.

Не кажучы нi слова, Амелька ўзяў каня за обраць, узвёў на паром, якi i пагнаў прывычнаю рукою к другому берагу.

Там, узяўшы грошы за перавоз i даўшы чалавеку квiтанцыю, паволi паплыў назад.

Чалавек не сказаў нiводнага слова, а толькi, ад'язджаючы, кiўнуў галавою i з нейкаю задуменнасцю ў голасе зноў заспяваў.

"Вось праехаў чалавек, - думаў Амелька, - невядома, адкуль i хто i пра што ён думае. Колькi ў гэты момант думак на зямлi?! I ўсякая думка аб тым, каб як найлепей зрабiць дзела гэтага моманту. I аднак, нягледзячы на гэта, чалавек увесь час мучыцца на зямлi. А гэтыя, новыя камунiсты, суседнiя мае хлапцы-камсамольцы, заўсёды вясёлыя, знайшлi, мусiць, дарогу к гэтай радасцi..."

Амелька адплыў на сярэдзiну ракi, прыпынiўся i стаў глядзець на ваду.

Яна ўжо не пенiлася i не шумела так моцна, як раней, бо сцiх вецер; яна адлiвала чырванню, бо празрыста свяцiла сонца. Яно ўжо было на захадзе, i свет яго быў чырвоны. Неба ачысцiлася ад хмар.

Амелька паглядзеў, як паволi, але заметна, супакойвалася вада, i ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:

"А чалавек некалi ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сiлы не растрачвалiся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлi, не тое б можна было бачыць цяпер у жыццi...

Што б з чалавекам нi зрабiлася, нiдзе ён не дзенецца з свае зямлi. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку".

Думкi ў Амелькi выплывалi адна за другою. Ён не мог улавiць нi пачаткаў, нi канцоў iх. Але ўсе яны зводзiлiся к таму, што людзi, злучыўшыся ў адну вялiкую сям'ю, зробяць на сваёй зямлi нешта такое, што будзе большае па сваёй сiле за самую зямлю. Вялiкае дзела робяць яны.

Корань гэтай думкi ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыi для сялян.

- Усе тыя, што самi працуюць, - гаварыў прамоўца, - злучыўшыся пад сцягам камунiзма, арганiзуюць вялiкую сiлу, якая знiшчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...

Амелька думаў i глядзеў вакол.

На той бок рэчкi, недалёка ад вёскi Хартонаўкi, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фiгура здавалася здалёк куском той самай зямлi, па якой ён ходзiць.

- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзiчэю тут адзiн.