Читать «На беразе (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Кузьма Черный

Сягоння ён вясёлы.

Атрымаўшы ўчора ў iспалкоме месячную пенсiю за сваю службу пры пароме, ён начаваў гэтую ноч дома - у вёсцы, на той бок лесу, вёрст дзве ад парому.

Прыйшоў ён сюды ранiцаю, як яшчэ было цёмна, i свайго васемнаццацiгадовага сына Мiхася, якi быў пры пароме замест яго, застаў стаячым пры самай вадзе.

- Ты чаго ў будку не лезеш? - запытаў ён яго.

- Толькi што прыйшоў, - адказаў той весела.

- А дзе ж ты быў?

- На тым баку, у Хартонаўцы.

- Чаго?!

- Там камсамольцы нашы спектакль ставiлi, iшлi вечарам, я iх перавёз i сам пайшоў з iмi.

- А паром на каго пакiнуў?!

У голасе бацькi пачуўся нейкi страх.

- Нi на каго. Прывязаў на тым боку i пайшоў. Якi тут чорт, думаю сабе, паедзе гэтакiм лiхалеццем.

- I нiчога?

- Мусiць, нiчога. Як пакiнуў - так i застаў.

- Добра, што каго чорт не нагнаў, - сказаў Амелька ўжо весела. - А дзе ж больш хлопцы?

- Там начуюць.

- Вось ты, чорт яго бяры, - загаварыў Амелька ўжо зусiм развесялiўшыся, - пакiнуў ды i пайшоў. Адвага. Я б нiколi не адважыўся. Ну, iдзi дамоў, - закончыў ён цiшэй.

Мiхась паглядзеў на свае мокрыя боты, падцягнуў вышэй халявы i пайшоў паволi к лесу, а Амелька, зiрнуўшы на той бераг i апрача туману нiчога там не ўбачыўшы, палез у сваю будку.

I з таго самага моманту аж дагэтуль нiхто тут не ездзiў.

Толькi ў гадзiн восем ранiцы прыйшлося перавозiць камсамольцаў - усё суседнiх хлапцоў з свае вёскi.

Яны, паставiўшы спектакль, начавалi ў Хартонаўцы i iшлi дамоў.

Яшчэ здалёк Амельку пачулiся вясёлыя песнi i крык:

- Мiхась, э-ээ!.. Рыла суконнае, перавозь!.. О-о-э-э!..

Амелька выскачыў з будкi i стаў адвязваць паром. Мокрая, раскудзеленая вяроўка не развязвалася, i хлопцы нецярплiва крычалi:

- Скарэй, а то ўто-о-о-пiм! Заснуў!.. Гэ-эй!..

- Успееце, чорт вас не возьме, - сярдзiта i весела гукнуў iм Амелька.

- А, дзядзька Амяльян! - пачуўся крык з таго берага. - Скарэй, дзядзька, не марудзь!

- Скiнь порткi, дык будзеш вё-о-орткi, - весела, са смехам гукнуў другi голас.

Хлопцы крычалi, часам апошнiя словы прыспеўвалi. Звонкiя галасы iх рэзалi паветра i глушылi шум ветру i вады.

Амелька ўпёрся нагамi ў паром i пачаў перабiраць рукамi мокры дрот. Паром, цiха паскрыпваючы, загойдаўся на вадзе i папоўз цераз раку.

Зразу Амельку абвеяла мокрым ветрам. Ён зажмурыў вочы, ад чаго твар яго прыняў выгляд такi, як бы Амелька к нечаму прыслухоўваецца...

Яшчэ не падплыў ён к берагу, як вясёлыя камсамольцы пачалi скакаць на паром.

- Паволi, - крычаў Амелька, - патопiцеся, дурнi, чаго вас дрэнчыць!

- Назад! - закрычалi яму ў адказ хлопцы.

Паром яшчэ не прыстаў к берагу, а яны ўжо ўсе былi на iм. Некалькi рук, адапхнуўшы Амельку, замiтусiлiся на мокрым дроце. Паром быстра, так, як нiколi, пайшоў к берагу.

- Вось чэрцi, - сказаў Амелька, - усё роўна, як лукавы iх падмывае. Чаго вы гэтакiя вясёлыя?

- А чаго плакаць, - адказаў яму смуглы Мiколка, сын яго суседа Кастуся, - на свеце няма чаго плакаць...

I, пачакаўшы з хвiлiнку, закончыў:

- Каб, здаецца, трохi цяплейшая вада, дык так бы плюхнуўся i паплыў бы процi вады.