Читать «Доўгi пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Эдвард Хотч

- Капiтан, мы абодва стралялi ў адну i тую ж мiшэнь, - стрымаў яго запал Флетчэр. - Нiхто не змог бы рассартаваць тыя кулi i вызначыць тыя, што былi выпушчаны з вашага рэвальвера, i тыя - што з майго. Апрача таго, як мог хто-небудзь з iх атрымаць дазвол зайсцi ў цiр, якi знаходзiцца ў сутарэннi палiцэйскай управы?

- У мяне мог аказацца вораг у аддзеле, - сказаў Леапольд.

- Глупства! У нас ува ўсiх ёсць ворагi, тым не менш гэта немагчыма. Калi вы лiчыце, што супрацоўнiкi аддзела плятуць супраць вас змову, такiм жа чынам вы можаце лiчыць, што вынiкi экспертаў-балiстыкаў таксама былi падробленыя.

- Яны i былi, нейкiм чынам. У цябе ёсць фотаздымкi, зробленыя для супастаўлення?

- Засталiся ў кабiнеце. Але глыбiня рэзкасцi на iх настолькi абмежаваная, што, вiдаць, можна даведацца больш, калi самому паглядзець на гэтыя кулi праз мiкраскоп.

Флетчэр адвёз Леапольда ў лабараторыю, дзе яны ўгаварылi супрацоўнiка, прызначанага дзяжурыць у нядзелю, дазволiць iм зiрнуць на кулi. У той час як Флетчэр i афiцэр стаялi побач, забяспечваючы захаванасць рэчавых доказаў, Леапольд, прыжмурыўшы вока, вывучаў праз мiкраскоп кавалкi свiнцу.

- Куля, якая выклiкала смерць, даволi пашматаная, - заўважыў ён, але быў вымушаны пагадзiцца, што сляды ад нарэзу ў ствале зброi былi аднолькавыя. Ён зiрнуў на бiрку, прымацаваную да кантрольнай кулi: Кантрольная куля, выпушчаная з рэвальвера 38-га калiбру сiстэмы "Смiт - Весан", серыйны нумар 2420547.

Леапольд адвярнуўся ўбок, уздыхнуў i зноў вярнуўся да кулi.

2420547.

Ён раскрыў партаманет i знайшоў там пасведчанне на рэвальвер "Смiт Весан" 2421622.

- Я памятаў дзве апошнiя двойкi, - сказаў ён Флетчэру. - Гэта не мой рэвальвер.

- Гэта той, што я ўзяў з вашых рук, капiтан. Гатовы прысягнуць.

- I я веру табе, Флетчэр. Але гэта менавiта той самы факт, якi мне быў патрэбны. Ён раскрывае той спосаб, дзякуючы якому д-ру Тэрзбi ўдалося забiць Монiку ў замкнёным пакоi ў мяне на вачах з рэвальвера, якi знаходзiўся ў той час у маёй кабуры. I ён можа таксама падказаць, дзе шукаць няўлоўнага д-ра Тэрзбi.

Да ранiцы панядзелка Леапольду ўдалося зрабiць шэсць мiжгароднiх званкоў у Калiфорнiю, робячы гэта з тэлефона, што стаяў на ягоным стале, у той час як Флетчэр тэлефанаваў з дзяжурнага пакоя. Потым, блiжэй да поўдня, Леапольд, Флетчэр, камiсар i прадстаўнiк пракурора акругi селi ў машыну i паехалi ў Бостан.

- Вы ўпэўнены, што ўсё як след разлiчылi? - спытаў Леапольда камiсар ужо трэцi раз. - Вы ведаеце, што мы не павiнны дазваляць вам перасякаць межы штата да рашэння вялiкага журы.

- Слухайце, давайце вырашым - альбо вы давяраеце мне, альбо не, раздражнёна парыраваў Леапольд.

Флетчэр, якi сядзеў за рулём, не мог стрымаць усмешкi, у той час як прадстаўнiк пракурора захоўваў надзвычайную сур'ёзнасць.