Читать «Дамавiкамерон (на белорусском языке)» онлайн - страница 68

Адам Глёбус

- Калi ласка, заходзьце... Яны стамiлiся чакаючы... Заходзьце, калi ласка...

Лiтаратар укамянеў. Яго ахапiў транс. Дробненькiмi крокамi ён прайшоў паўз вартаўнiковы буданчык, у механiзаваную браму i накiраваўся да морга. Цяжкiя дзверы расхiнулiся лёгка, нiбыта фiранкi. У кутку беласценнага пакоя ўзвышалася шкляная шафа з хiрургiчнымi iнструментамi. Побач стаялi беланогiя стол i крэсла. Пасярэдзiне пакоя на двух шырокiх сталах ляжалi iстоты: стары чорнабароды Дамавiк у скураным плашчы i вастраносых ботах i белагаловая Русалачка ў белых гольфах з шаўковымi кутасiкамi. Вочы абедзвюх iстот былi заплюшчаныя, рукi складзеныя на грудзях, але ўсё казала, што i стары i дзiця жывыя.

- Ты пабачыў, - аднекуль здалёк учуўся лагодны голас, - старога Дамавiка, якi яшчэ не памёр, i маленькую Русалачку, якая яшчэ не нарадзiлася. А цяпер iдзi i раскажы ўсiм пра тое, што чуў i бачыў.

Са здарэння i трансу лiтаратар выйшаў толькi ў хлебнай краме, пачуўшы раздражнёнае:

- Вось ваш хлеб, мужчына!

LXI. ГАСЦЯВIК

Гасцявiк атрымаў ад свайго даўняга таварыша пiсьмовае запрашэнне прыйсцi на калядную вячэру. А так як у Гасцевiка не было сваякоў i ён не мог наладзiць сямейнае свята ў поўнай меры, дык прапанова адсвяткаваць Божае нараджэнне ў чужым доме была нават дарэчная.

Яшчэ за тыдзень да Калядаў Гасцявiк замовiў у рэстарацыi ментолавы торт.

У Гасцевiка быў хворы страўнiк, i таму, баючыся непрыемнага паху, якi iшоў з рота, увесь час трымаў пад рукою мятныя таблеткi, жавальныя гумкi дый цукеркi-ледзянцы. Паступова мята i ментол перакачавалi ў розныя стравы, i рацыён Гасцевiка цалкам прапах "халадком". Дайшло i да вынаходнiцтва - быў створаны новы прахаладжальны напой: мятная гарбата з дробна накрышаным лёдам.

Заказны торт выйшаў выдатны, за калядным сталом яго хвалiлi ўсе.

- Я даўно не каштаваў нiчога падобнага, - сказаў Гасцевiкоў даўнi таварыш, на круглым твары ў якога граў здаровы румянец.

- Нiколi не думала, што i сярод сучасных мужчын сустракаюцца гурманы, здатныя знаходзiць кулiнарныя дзiвосы, - выказалася таварышова жонка.

Тры дачкi пагодкi: 15-, 14- i, адпаведна, 13-гадовая вельмi шматслоўна гаварылi пра мятны торт.

- Кухар, якi выпякаў торт, сапраўдны мастак. Яблыневыя лiсцiкi, вылепленыя з крэму, выглядаюць зусiм як жывыя, ад iх павявае свежасцю ды вясной. Спадзяюся, тата абавязкова возьме адрас кухара i замовiць на мой дзень нараджэння такi ж самы шэдэўр, - сказала старэйшая з дачок.

- Пасля такiх слоў мне няёмка прасiць бацькоў заказваць торт i на свой дзень нараджэння, таму я вельмi ўзрадуюся, калi на свяце ў маёй старэйшай сястры ўрачыста прыбраны банкетны стол будзе ўпрыгожаны такiм цудоўным тортам, - сярэдняя сястра манерна, адставiўшы мезенец, узяла срэбную лапатку i паклала на свой сподачак яшчэ адзiн кавалак торта.

Пакуль жонка даўняга сябра разлiвала гарбату, Гасцявiк адчуў страўнiкавы дыскамфорт, яму здалося, што пачаў расцякацца па пакоi малапрыемны пах. "Гэткi саладжава-цвiлы дух у самотных мужчын. Пэўна, так патыхала ад пустэльнiкаў. Мусiць, такi смурод сыходзiў ад святога Антонiя. Жах у тым, што смурод ты глытаеш нават не хочучы. I нябожчыкi былi б не такiя страшныя, калi б не даводзiлася ўсмоктваць у сябе часцiнкi раскладзенага цела. Як я разумею людзей, што ўлiваюць у горла паўшклянкi гарэлкi перад тым, як iсцi на пахаванне..." - падумалася Гасцевiку, i ён, не пытаючыся дазволу, налiў сабе поўную чарку каньяку.