Читать «Блакiтны вецер (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Михаил Стрельцов
I вось нiбы спадала з яго плячэй i такой непатрэбнай рабiлася сталасць, i, здавалася, усё пражытае i перажытае раней, паназбiранае з гадамi па кропельцы i драбнiцы, не варта было i самай маленькай часцiнкi чаканага дзiва. Чаму так было, Лагацкi не ведаў. Можа гэта вярталася жыццё на паўзабыты нейкi круг маленства, можа гэта тужыла душа па нечым, што адышло i што згубiлася са сталым вопытам, а можа тут была i проста незадаволенасць сабой - Лагацкi сказаць не браўся. Нешта незразумелае рабiлася з iм, i яно шукала сабе выйсця.
Толькi ён, Лагацкi, цяпер не думаў пра гэта. Спаў горад, нязвыклая таямнiчасць панавала наўкол. I такi даступны i недаступны цяпер адзiноце, Лагацкi глядзеў i слухаў - i цiшыня, i ноч цяклi паўз яго. Ляцелi на лiхтар сняжынкi, нячутныя i цiхiя, бы начныя матылi. Сiпеў i чухкаў недзе ў шэрых прыцемках паравоз. Трапяткi i тонкi праменьчык спускаўся з неба: мiргала над горадам зорка. I многае, многае адкрывалася тады i сэрцу, i зроку, i здавалася Лагацкаму, што ён чуе, як вастравата i скупа пахнуць i снег пры дарозе i лядок на ёй, i якi асаблiвы, густы халадок iдзе ад цэглы, панакiданай ля дома, i якi зусiм iншы, скразняковы ветрык дзьме з праёмаў пустых вокнаў. Сасновай свежасцю патыхала ад штабеля заiнелых дошак. I было адчуванне, што вось яшчэ трошкi, варта толькi захацець i напружыцца, як адкрыецца недаступная раней i нiколi яшчэ нязведаная пранiзлiвасць думкi, як прыйдуць небывалы спакой i яснасць. I ён тады неяк па-новаму гляне на сябе i на людзей.
Але нiчога не прыйшло, i на душы засталася горыч. Са шкадаваннем успомнiўся сон, светлая цiша ў пакоi, ранейшы настрой, i ён падумаў: "Куды ж адышло ўсё гэта?" Замест адказу паўстаў у памяцi ўчарашнi вечар, праводзiны, Толiк, i цяпер ужо выразнай, неадступнай стала незадаволенасць сабой. "Я чэрствы, раўнадушны чалавек, - сказаў сабе Лагацкi, - але не хачу прызнацца ў гэтым i таму гуляю ў хованкi з сабой. Тры гады жыў побач з гэтым Толiкам i амаль не ведаю яго, зрабiў яму прыкрасць - i хачу апраўдацца. Я не пайшоў таму, што проста баюся людзей, баюся, каб яны не ўбачылi, што ў мяне згубiлася нешта i што ўсё мне нецiкава. I гэтых новых студэнтаў я не люблю таму, што яны не такiя, як я, што жывуць па-свойму i цiкавей за мяне".
Так ён думаў, i яму здавалася, што ён думае шчыра. I дзiўна: у гэтай гаворцы з сабою, у гэтых непрыемных прызнаннях была для яго нейкая помслiвая асалода. Яшчэ раз ён агледзеўся: падумаць толькi, гэта ж нечага прастаяў тут, папаўшыся, як дзiця на забаўку, на нейкiя марныя летуценнi. Брала злосць на сябе, Лагацкi адчуў нечакана, што ўвесь схаладнеў. Ён наставiў каўнер i пайшоў па вулiцы. Гэта нават яшчэ не вулiца была, а проста дарога: дамы тут стаялi з аднаго толькi боку. Справа, затулены нейкiмi майстэрнямi, цягнуўся нешырокi пустыр, аж пакуль не ўставаў на яго шляху адзiнокi, вясковага выгляду дамок. Дарога за iм збочвала ў яшчэ адну, шырокую вулiцу. Недзе там узнiмалася сцяна таполяў, i Лагацкаму вiдно было, як трапяталася зыркае святло лiхтара ў шэрым iх галлi.. На адкрытым месцы яшчэ больш даў адчуць сябе халадок. Несучы зялёны агеньчык, з-за адзiнокага домiка вышмыгнула таксi, пранеслася паўз Лагацкага. Пачулася з машыны музыка. Стала маркотна. I можа так i трэба было - выплыў успамiн... Генадзь Парукаў - выкладчык англiйскай мовы, iнстытуцкi знаёмы. Чарнявы, з коратка стрыжанымi валасамi, аднагодак Лагацкага, ён заўжды прыязджаў у iнстытут на матаролеры. Да позняй восенi хадзiў без шапкi. Употай Лагацкi зайздросцiў яму, наогул - ён зайздросцiў людзям, што ўмелi ўладкаваць сваю душэўную гаспадарку. Парукаў, здавалася яму, гэта ўмеў. Мусiць, для яго не было нявырашаных пытанняў у жыццi i, мусiць, не было нiчога недаступнага. I ў паставе яго, i ў гаворцы адчувалася нейкая незразумелая Лагацкаму ўпэўненасць i сiла.