Читать «Блакiтны вецер (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Михаил Стрельцов
Яму ўжо не стаялася на пераездзе, ён павярнуўся i пайшоў дамоў. I нейкiм радасным для яго i такiм значным было цяпер гэта вяртанне.
На пустыры, мiнуўшы вулiцу, ён спынiўся. Белая роўнядзь снегу кiнулася яму ў вочы, i ён ступiў на яе, паволi пайшоў, прыглядаючыся, як цьмяна мроiлiся каля ног сняжынкi. Ён нахiлiўся i, узяўшы рукою i сцiснуўшы ў далонi камячок снегу, прыклаў яго да твару. Прыемная i свежая заструменiлася тады прахалода. Лагацкi выпрастаўся. "Трэба жыць, - падумаў ён, - трэба смялей i весялей жыць: пазбыцца раўнадушша, чэрствасцi, замкнутасцi ў сабе. I тады нiколi не пакiне мяне блакiтны вецер".
Ён павярнуўся i, прыемна ўзрушаны, лагодны, пайшоў на дарогу.
1960 г.