Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Жорж Сименон
- А хто ж яго забiў?
- Якраз гэта мы i спрабуем высветлiць.
- Ён быў адзiн?
Мэгрэ адчуў раздражненне.
- Цi не лепей вам апрануцца i паехаць разам з намi?
- Што вы з iм зрабiлi?
- Цяпер ён у Iнстытуце судова-медыцынскай экспертызы.
- Гэта морг?
Мэгрэ змаўчаў.
- Як мне папярэдзiць дачку?
- Можаце пакiнуць цыдулку.
Гаспадыня задумалася.
- Не. Мы лепей заедзем да маёй сястры, i я перадам ёй ключ. Яна прыйдзе сюды i дачакаецца Монiкi. Дачку вам таксама трэба ўбачыць?
- Пажадана.
- Дзе ёй лепш сустрэцца з намi?
- У маiм бюро на набярэжнай Арфэўр. Гэта будзе найбольш аператыўна. Колькi ёй гадоў?
- Дваццаць два.
- А вы не маглi б папярэдзiць яе па тэлефоне?
- Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы i едзе на вакзал. Пачакайце мяне.
Яна паднялася наверх па лесвiцы, якая ўся рыпела пад ёю - дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, i дажыць да старасцi яму наўрад цi было наканавана.
Унiз яна спусцiлася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, панi Турэ спынiлася, усё роўна як сумнявалася, цi памесцiцца яна ў такiм маленькiм аўтамабiлi. Нехта назiраў за iмi з суседняга акна.
- Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вулiцу налева.
Домiкi сясцёр здавалiся блiзнятамi. Адрознiвалiся яны хiба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.
- Я зараз вярнуся, - сказала панi Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвiлiн на пятнаццаць.
Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплi вады i таксама апранутай у чорнае.
- Сястра паедзе з намi. Я думаю, месца хопiць. Яе муж пойдзе да мяне i дачакаецца Монiкi. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.
Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантонi ледзь уцiснуўся на сядзенне побач з мажнымi жанчынамi. Па дарозе сёстры перашэптвалiся.
Калi яны прыехалi ў Iнстытут судмедэкспертызы, цела Луi Турэ ўжо ляжала на мармуровай плiце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналi. Камiсар сам адкiнуў з твару забiтага прасцiну.
Мэгрэ назiраў за сёстрамi. У цемнаце ён прыняў iх за блiзнят. А цяпер, пры яркiм святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.
- Вы яго пазнаяце?
Панi Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.
- Гэта Луi... Нябога... - уздыхнула ўдава. - Цi магла б я падумаць уранку... - Раптам яна заўважыла: - Яму ж нiхто не закрыў вочы...
- Можаце гэта зрабiць.
Сёстры пераглянулiся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, панi Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.
Прашаптаўшы: "Бедны Луi..." - яна звярнула ўвагу на чаравiкi нябожчыка, бачныя з-пад прасцiны, i адразу ж нахмурыла бровы.
- Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравiкi?
- Яны былi на iм, калi мы яго знайшлi.
- Не можа быць. Луi нiколi не насiў жоўтых чаравiкаў. Прынамсi, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылi. Ён ведаў: я такога колеру не дапусцiла б. Жанна, ты бачыла?
Сястра згодна кiўнула.
- Вы ўсё-такi падумайце, - сказаў Мэгрэ, - цi былi ў яго такiя адзежа i абутак... А можа, гэта не ён?