Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Жорж Сименон

- Хто там?

- Панi Турэ?

- Я.

- Я хацеў бы пагаварыць з вамi.

Але жанчына не рашалася адчынiць дзверы.

- Палiцыя, - цiха дадаў Мэгрэ.

Гаспадыня зняла ланцужок, адсунула засаўку i, агледзеўшы мужчын праз шчылiну прыадчыненых дзвярэй, спыталася:

- А што вам трэба?

- Пагаварыць з вамi.

- Чым вы дакажаце, што вы з палiцыi?

Мэгрэ паказаў палiцэйскi жэтон.

- Добра. Спадзяюся, ён не фальшывы, - сказала панi Турэ, убачыўшы жэтон, i ўпусцiла нечаканых гасцей.

Вузкi калiдор, выбеленыя сцены, пакрытыя лакам дзверы i плiнтусы. Дзверы на кухню заставалiся адчыненыя, жанчына правяла iх у суседнi пакой i запалiла святло.

Мэгрэ разгледзеў гаспадыню. Сорак - сорак пяць гадоў, як i мужу, паўнейшая за яго, але не рыхлая, а шырокая ў касцях. Iмпазантнай не назавеш. Шэрая сукенка i фартух, якi яна машынальна церабiла, яшчэ больш спрошчвалi яе.

Спынiлiся яны ў сталовай. Абсталюнак у вясковым стылi, кожная рэч на сваiм месцы, як на вiтрыне мэблевай крамы. Нiдзе нiчога лiшняга - нi кiнутай люлькi цi пачка цыгарэт, нi шытва цi нават газеты, нiчога такога, што магло б даць хоць нейкае ўяўленне, чым тут людзi жывуць.

Сесцi гаспадыня гасцей не запрасiла, але выразна паглядзела на iхнiя ногi, перасцерагаючы ўсiм сваiм выглядам: "Не запэцкайце лiнолеум!"

- Слухаю вас.

- Вашага мужа зваць Луi Турэ?

Нахмурыўшы бровы i спрабуючы здагадацца, што прывяло сюды палiцыю, яна кiўнула галавою.

- Ён працуе ў Парыжы?

- Памочнiкам дырэктара фiрмы "Каплан i Занэн", на вулiцы Бондзi.

- Ён працаваў калi-небудзь на складзе?

- Працаваў.

- Даўно?

- Некалькi гадоў таму назад. Але ўжо тады ён быў у дырэктара першым памагатым.

- У вас няма яго фатаграфii?

- А нашто яна вам?

- Мне б хацелася ўпэўнiцца...

- У чым? - Падазрона ўзiраючыся ў гасцей, панi Турэ запыталася: - Луi трапiў у аварыю?

Яна машынальна паглядзела на насценны гадзiннiк, якi вiсеў на кухнi, усё роўна як прыкiдвала, дзе цяпер можа быць муж.

- Спярша я павiнен упэўнiцца, цi ён гэта.

- Гляньце на сервант, - сказала яна.

Падышоўшы да серванта, Мэгрэ ўбачыў некалькi фатаграфiй: на адной маладзенькая дзяўчына, на другой - чалавек, - зарэзаны ў тупiку, але маладзейшы, у чорным.

- Вы часам не ведаеце, цi ёсць у вашага мужа ворагi?

- Адкуль яны ў яго могуць быць?

Гаспадыня выйшла на хвiлiнку ў кухню i выключыла газавую гарэлку - на плiце нешта закiпела.

- А якой гадзiне вяртаецца ён звычайна дамоў?

- Ён выязджае з Лiёнскага вакзала ў шэсць дваццаць дзве. Дачка вяртаецца наступным цягнiком, яна пазней заканчвае працаваць. У яе адказная пасада, i...

- Я вымушаны папрасiць вас праехаць з намi ў Парыж.

- Луi памёр? - Яна паглядзела на iх спадылба, позiркам жанчыны, якая не церпiць маны. - Скажыце мне праўду.

- Яго забiлi.

- Дзе?

- У тупiку ля бульвара Сэн-Мартэн.

- Што яму там спатрэбiлася?

- Не ведаю.

- Калi гэта здарылася?

- Мы мяркуем, недзе пасля паловы пятай.

- А палове пятай ён быў яшчэ ў Капланаў. Вы з iмi гаварылi?

- Не, не паспелi. Ды мы й не ведаем яшчэ, дзе ён працуе.