Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Жорж Сименон

- Нiбыта спiць...

Мэгрэ зрабiў усё належнае.

- Ён i зразумець не паспеў, што здарылася, - уздыхнула жанчына. - А як ён любiў жыццё!

Яны цiха выйшлi, i панi Турэ зачынiла дзверы.

- Вы будзеце на пахаваннi, пан камiсар?

- Буду. Таму i прыйшоў.

Монiка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камiсар, яна адразу ж уздыхнула.

- Напэўна, вы i вашы сёстры знаёмыя з усiмi, хто будзе на пахаваннi, а я не ведаю нiкога...

- Разумею! - усклiкнуў Маньен, нiбыта гэтая думка прыйшла i яму самому ў галаву адначасна.

Сваiм пыхлiвым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.

- Я проста папрасiў бы вас паказаць мне на пахаваннi незнаёмых людзей, калi такiя будуць.

- Вы думаеце, прыйдзе забойца?

- Неабавязкова. Але мой абавязак - нiчога не ўпускаць.

- Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну? - спыталася панi Турэ.

I яе твар, i твары сясцёр адразу ж сталi аднолькава злыя.

- Я нiчога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калi заўтра на пахаваннi вы зробiце мне знак, я зразумею.

- Калi заўважым любога незнаёмага?

Мэгрэ кiўнуў, папрасiў прабачэння за клопаты i выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.

- Натрапiлi на след? - спытаўся ён тонам, якiм гавораць з доктарам пасля агляду хворага.

- Не.

- I не маеце нiякiх падазрэнняў?

- Нiякiх. Да пабачэння.

У машыне Мэгрэ ўспомнiў, як дваццацiгадовым юнаком ён трапiў упершыню ў сталiцу. Тады яго найбольш уразiў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з мiжвольнай трывогаю назiраў за тымi, хто, страцiўшы раўнавагу, кiдаўся ў паток i плыў па цячэннi. Але асаблiвае спачуванне выклiкалi ў яго сцiпла i чыста апранутыя людзi. Якiх толькi намаганняў яны не прыклалi, каб застацца на паверхнi i стварыць iлюзiю, што яны жывуць i што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!

Вось i Луi Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае ранiцы ў адзiн i той самы цягнiк, бачыў адны i тыя ж твары, i пад пахаю ў яго быў адзiн i той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках "домам трох сясцёр". Хоць сёстры i жылi на суседнiх вулiцах, яны закрывалi нябожчыку далягляд, як вялiзны мур.

- У камiсарыят, шэф? - пытаўся шафёр.

- Не. Дамоў.

Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзiў i Луi Турэ. Яны двойчы прайшлi мiма таго самага тупiка.

- У цябе кепскi настрой? - спыталася жонка.

- Не.

- Ты за ўвесь вечар i слова не сказаў.

- Ты што?.. А я i не заўважыў.

Уранку на горад абрынулася залева. Лiло як з вядра. Вецер вырываў з рук мiнакоў парасоны.

- Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, - заўважыла панi Мэгрэ. Багата сёння клопату?

- Яшчэ не ведаю.

- Надзень галёшы.

Мэгрэ так i зрабiў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесцi ў таксоўку. Халодныя кроплi сцякалi з капелюша за каўнер.

- На набярэжную Арфэўр.

Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калi прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаваннi?..

- Ёсць што новае? - спытаўся камiсар у Сантонi. - Не?.. Складзi спiс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усiх, з кiм ён сустракаўся апошнiя гады.