Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 27

Жорж Сименон

- Бардэль?

- Не зусiм. Але мне здалося, што гаспадыня з гэтымi справамi знаёмая. Пакуль падымалiся наверх, яна запыталася, як я збiраюся плацiць - штомесяц цi часцей, дзе я працую. Пакой - вокнамi на двор. Абсталюнак неблагi. Праўда, як на мой густ, дык зашмат таннага шоўку i аксамiту. Лялька на канапе. У пакоi пахла яшчэ, так бы мовiць, жанчынаю. Гаспадыня пацiкавiлася, хто мне даў адрас. Я ледзь не прагаварыўся, што даведаўся па аб'яве. Шчыра кажучы, мяне ўвесь час бянтэжыла адна з яе цыцак: яна ўсё выслiзгвала з халата. Я сказаў, што паведамiў мне пра пакой адзiн мой сябра. I што сябра гэты жыве ў яе. Яна запыталася хто. Калi я назваў Турэ, то адразу зразумеў, што яна яго ведае. Яна i з твару змянiлася, i голас стаў iншы. "Не ведаю, кажа, такога!" Як адрэзала. А потым пытаецца, цi няма ў мяне звычкi позна вяртацца дамоў. Было ўжо вiдаць, што вырашыла пазбавiцца ад мяне. Але я прыкiнуўся прасцячком. Кажу: "Можа, мой сябра яшчэ тут? Ён удзень не працуе i позна ўстае". Але яна мне: "Дык вы будзеце здымаць пакой цi не?" Буду, кажу. "Плата наперад". Я дастаў кашалёк i, нiбыта выпадкова, выняў фота Турэ. "А, - кажу, - вось i фота майго сябра". Яна зiрнула i кажа: "Не, мы, вiдаць, адно аднаму не падыдзем". I пайшла да дзвярэй. Я хацеў затрымаць яе, але яна папрасiла пакiнуць яе ў спакоi, у яе, бачыце, абед на плiце можа згарэць. Так i развiталiся... Шэф, ды я проста ўпэўнены, што яна яго ведала! Калi я выйшаў на вулiцу, фiранка зварухнулася: яна назiрала за мною.

- Едзем! - сказаў Мэгрэ.

Хаця дом быў за два крокi адсюль, пад'ехалi на машыне. Гаспадыня, якая выйшла адчынiць дзверы, i цяпер была ў халаце.

- Хто там?

- Палiцыя.

- Што вам трэба? - Зiрнула коса на Лапуэнта. - Так i ведала, што нажыву сабе бяду з гэтым малакасосам.

- Думаю, нам будзе зручней перагаварыць у доме.

- А я i не збiраюся трымаць вас на ганку. Мне ад вас хаваць няма чаго.

- Чаму вы не прызналiся, што пан Турэ быў вашым жыльцом?

- Таму, што гэта яго не датычыцца, - зноў змерыла яна Лапуэнта нядобрым позiркам.

Яна ўвяла iх у невялiкую гасцёўню. Грубка тут была напалена як след. Усюды ляжалi стракатыя падушкi з вышытымi на iх кошачкамi, сэрцамi i скрыпiчнымi ключамi. Вокны былi занавешаны шчыльнымi шторамi, i гаспадыня запалiла святло.

- Дык што вам ад мяне трэба?

Мэгрэ выняў з кiшэнi фатаграфiю Турэ.

- Гэта ён?

- Ён. Вы i без мяне ўсё ведаеце.

- Доўга ён у вас жыў?

- Прыкладна два гады. Можа, трохi болей.

- У вас шмат жыльцоў?

- Вядома. Мне адной дом задужа вялiкi. А ў наш час кватэру знайсцi нялёгка.

- Колькi ж iх у вас?

- Цяпер - тры.

- Але адзiн пакой свабодны?

- Той самы, што я паказвала гэтаму малойчыку. I цяпер шкадую, што не была асцярожлiвая.