Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

Жорж Сименон

Але гэта, ведама ж, былi зусiм не тыя людзi, якiх трэба было знайсцi.

- На тваiм месцы, - сказаў Мэгрэ, - я меней бы займаўся крамамi, а болей людзьмi на лаўках. Пасядзi, пазнаёмся з заўсёднiкамi.

- Добра, шэф, - зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзiць цiкавей, хоць i ногi ўжо балелi ад гэтых няспынных бадзянняў.

Ён нiколi не паверыў бы, што камiсар з радасцю згадзiўся б апынуцца на ягоным месцы: i хадзiў бы, i сядзеў бы - Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калi служыў простым iнспектарам.

4. ПАХАВАННЕ

Назаўтра камiсар змарнаваў паўдня: яго выклiкалi на судовае пасяджэнне. Некалькi гадзiн ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэi, i спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калi радыятары нарэшце нагрэлiся, стала невыносна спякотлiва i засмярдзела потам i выпарэннямi мокрае адзежы.

Судзiлi нейкага Рэнэ Лекэра, якi сем месяцаў назад забiў ударам бутэлькi па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькi дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вiнаватага школьнiка.

I чаму толькi дагэтуль нiхто не дадумаўся хоць трохi палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, якi i так быў - праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння - не ў гуморы.

Адвакат, яшчэ зусiм малады, але ўжо вядомы - дзякуючы сваiм пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усiх, што злачынца прызнаў сваю вiну толькi ў вынiку нацiску на яго i кепскага з iм абыходжання на допыце. Вiдавочная хлусня, i адвакат гэта добра ведаў.

- Можа, пан сведка скажа суддзям, колькi гадзiн доўжыўся першы допыт майго падабароннага? - дэкламаваў ён.

Камiсар чакаў менавiта гэтага пытання.

- Семнаццаць гадзiн, - адказаў ён.

- Семнаццаць гадзiн без ежы?!

- Лекэр адмовiўся ад бутэрбродаў, якiя мы яму прапаноўвалi.

Усiм сваiм выглядам адвакат казаў прысяжным: "Глядзiце, панове! Семнаццаць гадзiн у нябогi ў роце i хлебнай крошкi не было!"

Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з'еў толькi два бутэрбороды. А ён жа нiкога не забiваў.

- Пан сведка, - па-ранейшаму надрываўся напорысты абаронца, - цi прызнаяце вы, што сёмага сакавiка, а трэцяй гадзiне ранiцы, вы ўдарылi абвiнавачанага без якiхсьцi на тое падстаў - дзеянняў з яго боку, прычым тады, калi ў бедалагi былi кайданкi на руках?

- Не прызнаю.

- Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвiнавачанага?

- Быў момант, калi я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.

Адвакат памылiўся - пачаў не з таго канца. Але ён, вiдаць, клапацiўся толькi пра тое, каб уразiць публiку ды журналiстаў.

Потым, парушаючы ўсе правiлы, ён з'едлiва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:

- А ў вас ёсць сын, пан камiсар?

- Не...

- У вас нiколi не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалi...

Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.

Вось i ўсё. Мэгрэ нарэшце пакiнуў судовую залу i, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпiў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.