Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 70
Жорж Сименон
- Стрыечны брат, якi дрэнна скончыў.
Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. I жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'i!
I гэтак праляцелi пятнаццаць гадоў! Куплялiся новыя параходы. У гэтым вось пакоi ладзiлiся прыёмы, партыi ў брыдж i абеды, вячэры...
Лета праводзiлi ў Вiстрэаме i ў гарах.
А цяпер панi Гранмэзон адчувала толькi стомленасць. Яна апусцiлася ў крэсла, правяла рукою па твары.
- Не разумею, - прашаптала яна. - Гэты капiтан... Я яго нiколi раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..
Мэгрэ прыслухаўся i пайшоў адчыняць дзверы. За iмi стаяў "дзядзька Бернар". Ён быў устрывожаны, але ўвайсцi ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытлiва паглядзеў на камiсара.
- Пан Гранмэзон памёр. Паведамiце гэта яго доктару. А служачым i слугам скажаце крыху пазней.
Мэгрэ зачынiў дзверы, сунуў быў руку ў кiшэню па люльку, але перадумаў палiць.
У яго душы нарадзiлася дзiўнае пачуццё сiмпатыi, павагi да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмi банальнай iстотай.
- Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?
- Але. Я не ведала, што Раймон у Францыi. Муж мяне проста папрасiў забраць сына з калежа i правесцi з iм колькi дзён на поўднi. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабiла, як ён хацеў. Але толькi я прыехала ў "Лютэцыю", Эрнэст пазванiў мне i сказаў, каб я не iшла ў калеж, а вярталася дамоў.
- А сёння ранiцай вам званiў Раймон?
- Званiў. Прасiў тэрмiнова прывезцi яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.
- Не вiнавацiў вашага мужа?
- Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомнiў пра яго. Гаварыў пра нейкiх сяброў, маракоў, якiм ён павiнен заплацiць, перш чым паехаць з Францыi. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.
Прыйшоў доктар, сябра сям'i. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.
- Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! - цвёрда вымавiў Мэгрэ. - А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Палiцыю я бяру на сябе...
Ён падышоў да панi Гранмэзон, пакланiўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:
- Вы не сказалi мне, чаму...
- Раймон вам калi-небудзь усё раскажа... Апошняе пытанне... Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вiстрэаме з вашым мужам, так?
- Так, ён заставаўся там да дваццатага.
Адышоўшы спiнай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусцiўся па лесвiцы на першы паверх, прайшоў па калiдоры, адчуваючы нейкi цяжар на плячах i агiду ў душы.
На вулiцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкi час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скiнуць з сябе ўсё тое жахлiвае, што вынес з дома Гранмэзонаў.
Зiрнуў апошнi раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якiм мэрава ўдава правяла сваю маладосць, i глыбока ўздыхнуў.
* * *
- Выходзьце!
Мэгрэ адчынiў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, i знакам загадаў арыштаванаму iсцi за iм. Камiсар iшоў паперадзе, спачатку па вулiцы, пасля па дарозе ў порт.
Раймон дзiвiўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.
- Вы нiчога не хочаце мне сказаць? - кiнуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.