Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 66
Жорж Сименон
I, паколькi Мэгрэ не адказваў, iнспектар дадаў:
- Асабiста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць i ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерцi Жарыса вiнаваты ўвесь гарадок...
Але камiсар адно пацiснуў плячыма i пайшоў да машыны.
- Да сустрачы! - толькi i сказаў на хаду.
У машыне ён вельмi здзiвiў шафёра, загадаўшы:
- Дамоў!
Нiбыта гаворка iшла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.
- Дамоў у Кан?
Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялi яго на думку.
- Але, у Кан!
Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкi, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэннi.
* * *
Па дарозе ад гарадскiх варот да вулiцы Дзюфур з Гранмэзонамi павiталiся чалавек пяцьдзесят. Вiдаць, мэраву машыну ведалi ўсе. Вiталiся вельмi пачцiва. Суднаўладальнiк быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землi.
- Простая фармальнасць! - сказаў Мэгрэ праз зубы, калi машына спынiлася. Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана...
Паабапал цiхай вулiцы стаялi прыватныя дамы, якiя цяпер можна ўбачыць толькi ў правiнцыi. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вiсела медная шыльда з надпiсам: "Ангельска-Нармандская навiгацыйная кампанiя".
У двары стаяў указальнiк: "Каса". На дзвярах вiсела яшчэ адна шыльда: "Кантора адчынена з 9 да 16 гадзiн".
Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькi дзесяць хвiлiн. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелi яшчэ за сваiмi сталамi. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны i мэбля ў стылi Луi-Фiлiпа надавалi канторы ўрачысты выгляд.
- Панi, зрабiце ласку, падымiцеся да сябе. Праз нейкi час я, напэўна, папрашу вас знайсцi для мяне колькi хвiлiн.
Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканнi кампанii. У вялiзным вестыбюлi па баках стаялi свяцiльнi з каванага жалеза. На другi паверх, якi займалi муж i жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвiца.
Мэр Вiстрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.
- Што вы яшчэ хочаце ведаць? - цiха спытаў ён i, падняўшы каўнер палiто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылi яго твару, спляжанага кулакамi Вялiкага Луi.
- Нiчога асаблiвага. Я толькi прашу ў вас дазволу пахадзiць тут, падыхаць паветрам дома.
- Я вам патрэбен?
- Не.
- У такiм выпадку дазвольце мне падняцца да панi Гранмэзон.
Пачцiвы тон, з якiм ён гаварыў пра сваю жонку, нiяк не вязаўся з ранiшняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвiцы. Пасля прайшоў у канец калiдора i пераканаўся, што ў доме быў толькi адзiн выхад. Выйшаў на вулiцу, знайшоў непадалёк палiцэйскага i загадаў яму стаяць каля агароджы.
- Зразумелi? Выпускаць усiх, апроч суднаўладальнiка. Вы яго ведаеце?
- Ну, як не ведаць!.. Але... што ён нарабiў? Такi чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?
- Тым лепш!
Кабiнет справа ў вестыбюлi "Генеральны сакратарыят". Мэгрэ пастукаў, адчынiў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нiкога не ўбачыў.