Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 49

Жорж Сименон

- Што ён павiнен сказаць вам, камiсар?

- Дзве рэчы. Па-першае, хто такi Марцiно. Па-другое, чаму мэр дазваляе лупцаваць сябе?..

- Чуеш, Луi? Гэта ж няцяжка.

- Я нiчога не ведаю...

Жулi пачала злавацца.

Агонь у печы гудзеў i гудзеў. Роўна цiкаў гадзiннiк, у медным маятнiку адбiвалася святло лямпы.

На гэтай чысцюткай кухнi сцiплага ранцье матрос здаваўся залiшне вялiзным, няўклюдным, грубым. Ён сядзеў, схiлiўшы галаву набок, плечы як звычайна былi перакошаныя, вялiзныя рукi не знаходзiлi сабе месца, позiрк бегаў i бегаў, не ведаў, на чым спынiцца.

- Трэба, каб ты сказаў!

- Няма чаго мне казаць...

Ён хацеў налiць сабе яшчэ, але Жулi схапiла графiн.

- Хопiць! Зноў нап'ешся!

Жулi была ўзнерваваная ўшчэнт. Яна цьмяна адчувала, наколькi важны можа быць гэты момант, i чаплялася за надзею, што ўсё стане ясна з аднаго слова.

- Луi... гэты чалавек... нарвежац... гэта ён хацеў купiць "Сэн-Мiшэль" i стаць тваiм гаспадаром, га?

Адказ быў хуткi i катэгарычны:

- Не!

- Тады хто ён? Яго нiколi не бачылi ў нас. Iншаземцы сюды не заязджаюць...

- Не ведаю...

Але сястра настойлiва напiрала на яго, з чыста жаночым пачуццём знаходзiла патрэбныя словы:

- Мэр цярпець цябе не мог... Праўда, што ты вячэраў сёння ў яго?

- Праўда...

Яна задрыжала ад нецярпення.

- Дык скажы мне тады хоць што-небудзь! Гэта неабходна, Луi! Або клянуся табе, што стану думаць...

Жулi недаказала. Знясiленая, разгубленая, яна апусцiла рукi, зiрнула роспачна на плеценае крэсла, пасля на печ, гадзiннiк, размаляваную кветкамi вазу...

- Ты паважаў капiтана, я гэта ведаю!.. Сто разоў гэта казаў, i калi вы пасварылiся, дык...

Яна адчула, што гэта трэба растлумачыць камiсару.

- Не падумайце толькi чаго-небудзь такога, пан камiсар! Брат паважаў капiтана... I той яго таксама... Толькi вось... Але няважна!.. Луi не можа саўладаць з сабою, калi ў яго заводзяцца грошы, адразу ж усё спускае... Капiтан ведаў, што iншы раз ён бярэ ў мяне грошы, якiя я ашчаджала патроху... Ну, i выгаворваў яму... Вось i ўсё!.. I калi ўрэшце забаранiў яму прыходзiць сюды, дык толькi таму, каб Луi не браў у мяне грошай!.. Але мне капiтан казаў, што па сутнасцi Луi - добры хлопец, хiба што з адным недахопам - слабым характарам...

- А Луi, мусiць, ведаў, - паволi сказаў Мэгрэ, - што, калi б Жарыс памёр, вы атрымалi б у спадчыну трыста тысяч!

Усё адбылося так iмгненна, што камiсар ледзь не апынуўся на падлозе. Луi навалiўся на яго, спрабуючы схапiць за горла. Жулi заенчыла з усяе сiлы.

Камiсару ўдалося схапiць на ляту руку Луi. Павольным, але моцным рухам ён вывернуў яе матросу за спiну i прахрыпеў:

- Прымi лапы!

Жулi, прыцiснуўшыся да сцяны i закрыўшы твар рукамi, рыдала, час ад часу слаба, няўцешна ўскрыкваючы:

- Божа мой! Божа мой!

- Будзеш ты гаварыць, Луi! - адчаканiў Мэгрэ, выпускаючы руку былога катаржнiка.

- Мне няма чаго сказаць.

- А калi я цябе арыштую?

- Арыштоўвай.

- Iдзi за мною.

Жулi ўскрыкнула:

- Пан камiсар, я прашу вас! Луi, кажы, што ведаеш, я заклiнаю цябе!

Яны ўжо стаялi каля зашклёных дзвярэй кухнi. Вялiкi Луi азiрнуўся. Твар у яго быў барвовы, вочы блiшчалi. Хочучы перадаць свае пачуццi, ён зрабiў нейкую грымасу, якую нельга апiсаць словамi, i працягнуў руку да пляча сястры.