Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 26
Жорж Сименон
Гэта не марак! I не просты бадзяга! Раз чалавек меў такую асадку, значыцца, i вопратка ў яго была адпаведная. Такога чалавека ў гэтых мясцiнах назавуць, вядома, панам.
А зiмою ў Вiстрэаме такую асобу не могуць не прыкмецiць. Удзень ён драгу пакiнуць не мог. Тады, можа, ноччу выберацца дзеля справы, якая яго сюды прывяла?..
Не ў лепшым гуморы згадзiўся Мэгрэ з неабходнасцю сачыць гэтай ноччу за драгаю: гэта ж занятак для вышукнiка-пачаткоўца. Гадзiнамi трэба будзе сядзець пад дажджом i напружлiва ўзiрацца ў вычварныя абрысы гэтай драгi.
I прамучыўся ён гэтую ноч марна, нiкога не падпiльнаваў. А на свiтанку злаваўся, што не можа прыняць гарачую ванну. Глядзеў на свой ложак i думаў, цi варта класцiся на колькi гадзiн.
Гаспадар прынёс каву.
- Вы спаць не збiраецеся?
- Пакуль не ведаю. Маглi б вы зрабiць ласку занесцi на пошту тэлеграму?
Гэта быў загад iнспектару Люка, з якiм камiсар звычайна вёў разам справу, прыехаць у Вiстрэам. Мэгрэ не хацелася зноў правесцi ўсю ноч на нагах.
Праз расчыненае акно былi добра бачныя порт, Жарысаў дом, пясчаныя водмелi бухты.
Пакуль Мэгрэ пiсаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна i пазiраў на вулiцу. Не надаючы значэння сваiм словам, ён сказаў:
- А вунь i капiтанава служанка выйшла прагуляцца...
Камiсар узняў галаву i ўбачыў Жулi, якая, зачынiўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.
- Што ў тым баку?
- Пра што гэта вы?
- Куды яна можа пайсцi? Там ёсць дамы?
- Нiякiх дамоў там няма. Проста бераг, на якi нiколi не ходзяць, бо там хвалярэз i ямы з цiнаю.
- А ёсць якая-небудзь дарога цi хоць сцежка?
- Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты... Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак...
Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, i, калi выйшаў на бераг, памiж iм i Жулi было толькi нейкiх дзвесце метраў.
Бераг - суцэльная пустка. Адны чайкi з крыкамi лёталi ў тумане. Справа былi дзюны, i камiсар зайшоў за iх, каб заставацца нябачным.
Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся i накатваўся, разбiваючыся, на бераг. Шапацелi раструшчаныя ракавiны.
Жулi не прагульвалася. Яна iшла хутка, захiнаючыся ў чорнае палiто. Пасля смерцi Жарыса яна не паспела яшчэ справiць сабе жалобную адзежу i насiла ўсё чорнае цi проста цёмнае, што толькi знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохi, капялюш з паламанымi палямi, палiто, якое даўно ўжо выйшла з моды...
Ногi яе гразлi ў пяску, i таму паходка была вельмi няроўная. Двойчы яна азiралася, але не прыкмецiла Мэгрэ, якi iшоў, хаваючыся за дзюнамi.
Нарэшце, прыкладна за кiламетр ад Вiстрэама, яна павярнула направа - i зрабiла гэта так раптоўна, што камiсар ледзь не выдаў сябе.
Але iшла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялiкай будынiны, што самотна ўзвышалася сярод пяску i асакi.
Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прылiў даходзiла вада, стаяла каплiца. Адзiн яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькi стагоддзяў назад.
Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню iншых муроў: каля метра кладкi.