Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Жорж Сименон

Выходзiць, што "гэты чалавек" - адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабiў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзiн - без'языкi. перапалоханы недарэка, якi адразу звяртае на сябе ўвагу?

Змясцiлi яго фота ў газетах. Атрымалi тэлеграму з Вiстрэама: "Незнаёмы апазнаны".

За тэлеграмай прыехала жанчына, дакладней будзе сказаць - дзяўчына. I вось яна ў кабiнеце ў Мэгрэ. Твар стомлены, са слядамi памады i пудры. Завуць яе Жулi Легран, яна - служанка "гэтага чалавека".

Зрэшты, таго ўжо больш так не называюць, бо ведаюць, хто ён такi.

Гэта Iў Жарыс, былы капiтан гандлёвага флоту, цяпер начальнiк вiстрэамскага порта.

Жулi плача. Яна нiчога не разумее! Упрошвае свайго гаспадара сказаць ёй хоць слова. А той адно глядзiць на яе пяшчотна i зычлiва - як i на ўсiх астатнiх.

Капiтан Жарыс знiк з Вiстрэама шаснаццатага верасня. Цяпер канец кастрычнiка.

Што здарылася з iм за гэтыя паўтара месяцы?

"У той вечар ён як звычайна, - расказала Жулi, - пайшоў у порт на начное шлюзаванне. Я легла спаць. А назаўтра, устаўшы, не знайшла яго ў доме..."

Спачатку вырашылi, што Жарыс няўдала ступiў i ўпаў у ваду - якi ж густы быў у той вечар туман. Шукалi яго бусакамi. Пасля падумалi, што капiтан уцёк, - была, вiдаць, на тое нейкая прычына.

- Лiзьё! Прыпынак тры хвiлiны.

Каб размяцца, Мэгрэ выйшаў на платформу, зноў набiў люльку. Ён ужо столькi палiў у дарозе, што ў купэ стала шыза.

- Цягнiк адпраўляецца!

Жулi скарысталася адсутнасцю Мэгрэ i прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.

Дзiўна, але яна то здаецца прыгожай i нават вытанчанай, то невядома чаму робiцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.

Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капiтана, свайго "гаспадара", як сама яго называе. Робячы гэта, Жулi глядзiць на Мэгрэ, нiбыта заяўляе: "Гэта маё права - даглядаць яго!"

Сям'i ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулi жыве ў яго доме. Капiтан называў яе сваёй ахмiстрыняй.

"Ён любiў мяне, як родную дачку", - усхвалявана падкрэслiла Жулi.

Ворагаў у яго не было! Чалавек самавiты, нiякiх благiх звычак не меў.

Пасля трыццацiгадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасцi i, нягледзячы на пенсiйны ўзрост, папрасiў назначыць яго начальнiкам вiстрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькi домiк...

I вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знiкае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакiм выглядзе!

Жулi проста сумелася, калi ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнiтуры. Яна прывыкла бачыць яго толькi ў форме марскога афiцэра.

Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калi глядзiць на капiтана, на твары ў яе i замiлаванасць, i няясны страх, i нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе "гаспадар", але ў той жа час i не зусiм ён.

"Ён паправiцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць..."

Па шкле сцякаюць цяжкiя кроплi. Вагон уздрыгвае, i масiўная галава Мэгрэ кiваецца з боку на бок... Камiсар спакойна назiрае за спадарожнiкамi. Жулi, мусiць, думае, што можна было ўсё-такi абысцiся, як яна казала, вагонам трэцяга класа - гэтак яна звычайна i робiць. Жарыс час ад часу прачынаецца i азiраецца, нiчога не разумеючы, па баках.