Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Жорж Сименон

Дарэчы, i Лябро, i аднаногi гаварылi прыблiзна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, i ў абодвух быў вiдавочны паўднёвы акцэнт.

Нават сам Лябро, лоб у якога пакрыўся кропелькамi поту, прыкмецiў у госця гэты акцэнт - i адкрыццё вельмi яго ўразiла.

Жуль рушыў да Лябро.

Тры крокi... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагi - увесь правы бок ягонай фiгуры неяк дзiўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...

- Прывiтанне, Аскар! - зноў пачуўся ягоны голас, якi можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.

Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькi.

- Ты бачыш, я тут! - усмiхаўся Жуль.

- Хадземце да мяне, - ледзь вымавiў у адказ Лябро.

- Ты не хочаш быць са мною на "ты"?

Нi слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.

Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканiну пiжамы, кiўнуў на пантофлi.

- А ты, я гляджу, позна ўстаеш! Яшчэ не адзеўся як след...

Здавалася, Лябро пачне зараз прасiць прабачэння.

- Нiчога!.. Нiчога!.. Гэй ты, карантыш! Але, ты, кухар! - крыкнуў аднаногi Марысу, гаспадару "Ноевага каўчэга", якi i праўда быў нiзкi ростам i хадзiў у белым кухарскiм халаце. - Скажы, каб мой куфар аднеслi да вас!.. I падрыхтуй мне найлепшы пакой!

Марыс зiрнуў на Лябро. Той кiўнуў галавою.

- Слухаю, пане...

- Жуль.

- Прабачце.

- Я сказаў, што мяне завуць Жуль... Скажы яму, Аскар, што мяне завуць Жуль.

- Яго завуць Жуль, - паслухмяна паўтарыў Лябро.

- Iдзеш, Аскар?

- Iду.

- У цябе, напэўна, вока не ў парадку? Ану, здымi на хвiлiнку акуляры, каб я мог паглядзець!

Лябро зняў акуляры, праўда, не адразу. Разгледзеўшы выбiтае вока, Жуль прысвiснуў, усё роўна як выказаў гэтым сваё захапленне ўбачаным:

- Нiшто сабе, га?.. У цябе адно вока, а ў мяне адна нага. Добрая кампанiя!

Ён узяў Лябро за руку, быццам старога сябра, i павёў яго, падскокваючы, да гатэля. Пры кожным кроку Лябро адчуваў рывок драўлянай нагi.

- Ведаеш, я спынiўся б лепш не ў цябе, а ў "Ноевым каўчэзе". Не люблю замiнаць людзям. Дый жонка ў цябе не надта памяркоўная. - Ягоны гучны голас быў адначасна i злы i насмешлiвы. - Я распытаў пра цябе на "Баклане"... Гэтая старая малпа расказала мне ўсё, што трэба...

Старою малпаю быў капiтан судна Батыст - Жуль празваў марака так, напэўна, таму, што яго загарэлы твар парос сiвым шчацiннем. Батыст нешта незадаволена буркнуў. Зiрнуць на яго Лябро не асмелiўся.

- Калi хочаш, можаш iм сказаць, каб яны паставiлi лодку на месца... Яна яшчэ нам спатрэбiцца... Палаўлю i я рыбку... Скажы iм! Ну, чаго ты чакаеш, га?

- Вiяль! - крыкнуў Лябро рыбаку. - Злавi лодку i пастаў на месца!

Па твары ў Лябро цёк пот. Акуляры ссунулiся ўнiз i блiшчалi на мокрым пераноссi.

- Трэба трошкi перакусiць, га?.. - запытаўся Жуль. - А мясцiны тут прыгожыя, нiчога не скажаш...

Дарога iшла ўгару - яны ўзбiралiся ўверх павольна i важка, бы надавалi гэтай хвiлiне ўрачысты характар.

Плошча. Рады эўкалiптаў з пяшчотнай лiстотаю. Маленькая жоўтая царква, падобная на цацачны дамок.

- Дзе тут твая хацiнка?.. Вось гэтая?.. Ты, я бачу, любiш герань... Паслухай, гэта не твая кабета на нас пазiрае?..