Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Жорж Сименон

Жуль".

Ад Александрыi да Порт-Саiда, адкуль прыйшла папярэдняя паштоўка, - як плыць морам, дык амаль рукою падаць, варта адно на карту зiрнуць. А прайшло ажно паўгода...

Чым мог ён займацца ў дарозе?.. I ўвогуле, чым ён займаўся ў жыццi? Якi быў з выгляду? Якога ўзросту? Мусiць, яму не менш за пяцьдзесят, бо столькi ж было i Лябро.

Паштоўка з Неапаля. Праз некалькi тыдняў - з Генуi.

Можа, ён перасаджваецца з судна на судна?.. Але навошта так доўга затрымлiвацца ў кожным порце?

Паштоўка сёмая.

"Я прыбываю, гарэза! Пад страхам смерцi - ты зразумеў?

Жуль".

Марка на ёй - партугальская. Ну i ну!.. Значыцца, ён не спынiўся ў Марселi. Рабiў круг. Аддаляўся.

I раптам - паштоўка з Бардо!.. Ён зноў наблiжаўся. Адтуль да порта насупраць Паркэроля - ноч дарогi чыгункаю.

Але наступная паштоўка прыйшла ўжо з Булонi.

Дзесятая была даслана з Антверпена.

"Пачакай яшчэ крыху, мiленькi. Час не прыспешвае. Пад страхам смерцi.

Жуль".

- А ён усё-ткi жартаўнiк, ваш сябра, - сказала панна Марта, перадаючы Лябро гэтае паведамленне.

"Цi расказвала яна пра гэтыя паштоўкi каму-небудзь?" - узiраўся Лябро ў вочы дзяўчыне.

I вось, нарэшце, цудоўным лагодным ранкам - на моры быў поўны штыль, пад шчодрым сонцам вада так i зiхацела - незнаёмы з'явiўся.

Жуль быў на судне!

Лябро ўпэўнiўся ў гэтым ужо тады, калi "Баклан" быў яшчэ толькi за мiлю ад паркэрольскага берага. Удалечынi бялела маленькае судна, на палубе якога стаяў адзеты ў цёмнае чалавек - усё адно як невялiчкая лялька на дзiцячым караблiку. Але ўжо i з такой адлегласцi было вiдаць, што пасажыр гэты - вельмi высокi.

Чаму Лябро заўсёды здавалася, што незнаёмы - чалавек высокага росту?..

Цяпер ён буйнеў на вачах, з кожнай хвiлiнаю. Застаючыся ўвесь час нерухомым, ён стаяў каля самага носа, якi рассякаў ваду, уздымаючы па абодвух баках судна пышныя срэбраныя вусы марскога шуму.

Аскар Лябро зняў свае чорныя акуляры, з якiмi расставаўся, толькi кладучыся спаць. Пакуль ён выцiраў запацелыя шкельцы, можна было разгледзець ягоныя вочы: адно - жывое, другое - напалову заплюшчанае, даўно мёртвае.

Нарэшце ён павольна, быццам прысутнiчаў на якойсьцi ўрачыстасцi, надзеў акуляры i машынальна зацягнуўся люлькаю, але тая патухла.

Ён, Лябро, i сам быў высокi i шырокi ў плячах, нават дужы, праўда, трохi ўжо азызлы. Але чалавек на носе "Баклана" ўсё роўна быў вышэйшы, мажнейшы. Ягоная прасторная адзежа - карычневыя палатняныя штаны, чорная люстрынавая куртка, шырокi саламяны капялюш - рабiлi яго яшчэ больш вялiзным. Дый тое, што ён дагэтуль не зварухнуўся яшчэ са свайго месца, толькi надавалi ягонай постацi важнасцi.

Калi "Баклан" досыць наблiзiўся i чалавека можна было ўжо ўбачыць у твар, ён нарэшце ступiў па палубе некалькi крокаў. Уражанне было такое, нiбыта манумент аддзялiўся ад пастамента.

Лябро прыкмецiў, што незнаёмы высока ўзнiмае правае плячо.

Незнаёмы падышоў да капiтана "Баклана" Батыста, якi стаяў у сваёй шкляной кабiне, загаварыў з iм. Лябро здалося, што ён ужо чуў некалi гэты голас. Пасажыр кiўнуў галавою на людзей, што сабралiся на прычале, i капiтан, выцягнуўшы руку, тыцнуў пальцам якраз у Лябро.