Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Жорж Сименон

- Прыгадваеш, га?..

Памаўчаўшы крыху, Жуль, хоць i груба, ды ўсё ж зычлiва дадаў:

- Давай пi вiно... Пад страхам смерцi, чуеш?.. Я ад гэтых слоў не адракуся... Пi, я табе кажу!.. Гэта, браток, усяго толькi вiно, а будзе яшчэ i ром... Як яе зваць, афiцыянтачку?..

- Жажо...

- Жажо?.. Хадзi сюды, прыгажуня... I прынясi нам другую бутэльку... У Аскара вельмi ўжо ў горле сушыць...

II

Кожныя пяць хвiлiн аднаногi выпiваў адным глытком шкляначку вiна i загадваў Лябро такiм тонам, што пярэчыць нiяк было нельга:

- Дапiвай, Аскар!

I Лябро пiў. Пасля трэцяй бутэлькi ён ужо ледзь бачыў стрэлкi гадзiннiка на званiцы царквы: было цi то дзесяць гадзiн, цi то адзiнаццаць. А Жуль, адкiнуўшыся ў крэсле, палiў i палiў да самага канца цыгаркi, якiя ён сам скручваў, i бурклiва дапытваў Лябро:

- Адкуль ты?

- З Пон-дзю-Ляса... Гэта непадалёк ад Тулона...

- Ведаю! А я з Марселя, з квартала Сэн-Шарль, - радасна ўсмiхнуўся Жуль. Але ў радасцi гэтай, як, зрэшты, i ва ўсiх астатнiх праявах ягоных пачуццяў, было i нешта жахлiвае. Нават калi ён прыкметна мякчэў у гаворцы, то ўсё роўна глядзеў на Лябро, бы на мураша, якога збiраўся вось-вось раздушыць.

- Бацькi багатыя?

- Бедныя... Так сабе... Не, хутчэй бедныя...

- Як i ў мяне. Вучыўся ты дрэнна - iду ў заклад. З матэматыкай заўсёды было кепска. Зноў жа - як i ў мяне!.. Дапiвай! Кажу табе, ну!.. Як ты трапiў у Габон?

- З адной марсельскай фiрмы, пасля службы ў армii.

Жуль спытаўся ў Лябро i пра ўзрост. Выявiлася, што Лябро быў на год старэйшы - i гэта вельмi ўзрадавала аднаногага.

- Урэшце, мы маглi сустрэцца на якiм-небудзь параходзе, а яшчэ раней у армii... Весела было б, га?.. Яшчэ пляшку, мiленькая...

Лябро ўжо дрыжаў ад адной думкi, што яму яшчэ прыйдзецца пiць.

- Не бойся! - засмяяўся Жуль. - У мяне норма. Дый табе лепш, калi я набяруся: убачыш тады, якi я чуллiвы...

I ўсё гэта было на вачах у людзей: адны заходзiлi да Марыса выпiць, другiя гулялi на вулiцы ў шары. Усе ведалi свайго былога мэра, але дапамагчы яму не мог нiхто. Лябро махалi рукою, клiкалi яго, але адзiнае, што мог ён зрабiць, гэта вымушана ўсмiхнуцца.

- Значыцца, калi ты так брыдка абышоўся са мною, табе было дваццаць два гады... Як ты апынуўся ў балотах Мбале?

- Фiрма даручыла наладзiць у тамтэйшых селiшчах збор пальмавага алею.

- Такой спякоты, як там, я больш нiдзе не сустракаў... Сама малярыйны экватарыяльны лес... Але ж ты не адзiн там быў?..

- Са мною былi яшчэ кухар i два весляры.

- I ты згубiў сваю пiрогу?.. Адказвай?.. Чакай... Выпi спачатку... Выпi, або раструшчу табе галаву!

Лябро цераз сiлу пiў. Усё яго цела пакрывалася потам, як некалi ў час службы ў Габоне, але гэты пот быў халодны. Аднак зманiць смеласцi не хапiла. Ён шмат думаў з таго часу пра гэты выпадак з Жулем - i ўдзень, i ўначы, калi не спалася. Каб не гэтая афрыканская гiсторыя, ён мог бы лiчыць сябе сумленным чалавекам, нават шчаслiвым чалавекам. Успамiн аб ёй прыходзiў кожныя два-тры месяцы, працiнаў душу знянацку i стаў ягоным сапраўдным кашмарам.