Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Жорж Сименон
Выпальваючы першую люльку, пан Лабро павольна iшоў да порта. Дарогi было сама больш метраў сто - адразу ж за партовым гатэлем "Ноеў каўчэг" пачыналася мора.
Выгляд у пана Лябро ў час гэтага шпацыру быў сама што нi ёсць спакойны: шчаслiвы буржуа на пенсii дыхае свежым марскiм паветрам.
Гэтаю парою каля мола можна было сустрэць i некаторых iншых паркэрольцаў. Рыбакi, што вярнулiся з мора, перабiралi рыбу або рапаравалi сеткi. Стаяў непадалёк ад iх са сваёй каляскаю грузчык з кааператыўнай крамы. Побач спыняў свой запрэжаны аслом вазок дзядзька з гатэля "Лавец лангустаў", што на другiм канцы выспы.
На Паркэролi, дзе жыхароў было ўсяго толькi чатырыста чалавек, усе ведалi адно аднаго i кожны называў пры сустрэчы або па iменi, або па прозвiшчы. Лябро быў адзiн, каго называлi панам: ён нiдзе не рабiў, меў грошы, а раней чатыры гады быў на выспе мэрам.
- Вы яшчэ не на рыбалцы, пан Лябро? - пыталiся ў яго.
Два-тры словы ў адказ - абы адчапiлiся.
Якраз у гэты самы час "Баклан", невялiкi карабель, якi паўгадзiны назад выйшаў з Паркэроля, ужо прычальваў да Ж'янскай касы, што вiднелася на тым баку зiхоткага пралiва, якi аддзяляў выспу ад мацерыка. Ад Францыi, як казалi самi жыхары Паркэроля. Удалечынi была бачная маленькая белая кропка - гэта i быў "Баклан". У залежнасцi ад часу можна было меркаваць, цi вернецца яно поўнае пасажыраў i грузу цi амаль зусiм пустое.
Сто шэсцьдзесят восем разоў, дзень у дзень выходзiў пан Лябро сустракаць невядомага госця, назiраў, як залiты сонцам "Баклан" адплываў ад Ж'янскай касы i iшоў да Паркэроля.
Белая кропка спакваля павялiчвалася. Неўзабаве можна было разгледзець пасажыраў на палубе, яшчэ праз нейкi час iх твары. Нарэшце судна прычальвала, i людзi на беразе i на палубе "Баклана" перагукалiся мiж сабою ў час манеўру слоўцам-другiм.
Грузчык падымаўся на судна, выцягваў на бераг скрынi, бочкi, паштальён звальваў на свой вазок мяшкi з поштаю, турысты фатаграфавалiся сем'ямi i iшлi ў гатэль услед за прысланым адтуль хлопчыкам.
Сто шэсцьдзесят восем разоў! Пад страхам смерцi, як пiсаў Жуль.
Акурат побач з месцам, адведзеным для стаянкi "Баклана", пагойдвалася на вадзе лодка пана Лябро, зробленая па яго спецыяльным заказе на мацерыку. Гэта было сама прыгожае на выспе рыбацкае судна. Яно так зiхацела шклом i меддзю, адпалiраваным дрэвам i начышчаным да бляску металам, што астраўляне назвалi яго "Люстраной шафаю".
Пан Лябро няспынна ўдасканальваў лодку, аздабляў яе i рабiў усё больш камфартабельнай. I хоць даўжыня ў яе была толькi пяць метраў, уладальнiк абсталяваў на ёй даволi прасторную, у свой рост, шкляную кабiну - так што судна выдавала больш на якi-небудзь буфет, а не шафа.
I вось цяпер пан Лябро ўжо сто шэсцьдзесят восем дзён не карыстаўся лодкаю, хадзiў кожнае ранiцы да прычала ў пiжаме i пантофлях, пасля ўслед за паштальёнам на пошту - i першы на выспе атрымлiваў карэспандэнцыю.
Але чацвёртай паштоўкi прыйшлося чакаць каля шасцi месяцаў - i прыйшла яна з Александрыi.
"Не адчайвайся, старая порхаўка! Пад страхам смерцi - цяпер як нiколi! А тут горача.