Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Эдгар Аллан По

Цвёрда памятаючы пра тыя акалiчнасцi, на якiя я звярнуў тваю ўвагу: своеасаблiвы голас, надзвычайную спрытнасць i незразумелую адсутнасць матыву ў такiм неверагодна жорсткiм забойстве, - зноў звернемся да жудаснай карцiны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылi голымi рукамi i запхнулi ў дымаход унiз галавой. Звычайныя злачынцы так не забiваюць. I ва ўсякiм разе не хаваюць трупаў забiтых. Пагадзiся, у тым, што труп зацiснулi ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае - гэта нiякiм чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкi, калi нават i ўявiць, што дзейнiчалi канчаткова дэградыраваныя тыпы. Уявi сабе, якую трэба мець сiлу, каб запхнуць труп у дымаход - знiзу ўверх, што некалькi мужчын агульнымi намаганнямi ледзь выцягнулi яго адтуль - зверху ўнiз.

Звярнi ўвагу i на iншыя праявы гэтай неверагоднай сiлы. На камiне знайшлi тоўстыя пасмы - вельмi тоўстыя - сiвых чалавечых валасоў. Iх павыдзiралi з каранямi. Ты ўяўляеш, колькi трэба сiлы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як i я, бачыў тыя пасмы. На каранях жудаснае вiдовiшча! - запяклiся кавалкi скуры, паздзiранай з галавы - доказ той неймавернай сiлы, з якой адным махам вырвалi з каранямi, вiдаць, паўмiльёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалi - адсеклi галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярнi таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сiнякi на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма i яго шаноўны калега месье Эцьен лiчаць iх вынiкам удараў нейкай тупой зброяй, i трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо вiдавочна, быў брук, на якiм аказалася мадам Л'Эспанэ, калi вывалiлася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта iдэя, якая, хоць i здаецца цяпер вельмi простай, не прыйшла ў галаву палiцэйскiм, яны не звярнулi ўвагi на шырыню аканiц - i гэта таму, што праз тыя самыя цвiкi канчаткова атрафiравалiся ўсе iх здольнасцi думаць i такiм чынам пагадзiцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглi адчыняцца.