Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Эдгар Аллан По

Я глядзеў на Дзюпэна ў немым здзiўленнi.

- Цяпер я чакаю, - працягваў той, пазiраючы на дзверы, - чалавека, якi, вiдаць, не быў непасрэдным выканаўцам тых жорсткiх забойстваў, але ў нейкай ступенi меў дачыненне да iх здзяйснення. Што датычыцца самай жудаснай часткi злачынства, дык тут ён, вiдаць, не вiнаваты. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваiм меркаваннi, бо на iм будуецца раскрыццё ўсёй таямнiцы. Я чакаю, што гэты чалавек прыйдзе сюды, у гэты пакой, з хвiлiны на хвiлiну. Праўда, ён можа i не з'явiцца, але больш верагодна, што ён усё-такi будзе тут. Калi ж ён прыйдзе, неабходна яго затрымаць. Вось пiсталеты; мы абодва здолеем выкарыстаць iх належным чынам, калi ўзнiкне патрэба.

Я ўзяў пiсталеты, амаль не разумеючы, што раблю, не верачы пачутаму, а Дзюпэн працягваў свой маналог. Я ўжо гаварыў, што ў такiя моманты яго паводзiны набывалi абстрактны характар. У сваiх разважаннях ён, здавалася, звяртаўся да мяне. Гаварыў ён цiха, але нешта ў яго iнтанацыi гучала так, нiбыта ён звяртаўся да кагосьцi на вялiкай адлегласцi, не адводзячы ад сцяны пазбаўленых усялякага выразу вачэй.

- Тое, што галасы, якiя пачулi людзi, што беглi па лесвiцы, не належалi нябожчыцам - дастаткова абгрунтавана доказамi. У вынiку знiклi ўсялякiя сумненнi наконт таго, што старая кабета магла спачатку забiць дачку, а потым кончыць самагубствам. Я гавару пра гэта таму, каб растлумачыць ход сваiх меркаванняў, бо фiзiчнае сiлы мадам Л'Эспанэ было зусiм недастаткова, каб запiхнуць труп дачкi ў комiн, дзе яго знайшлi, ды i выгляд яе цела выключае ўсялякую думку аб самазабойстве. Забойства, такiм чынам, было здзейснена нейкiм трэцiм бокам, менавiта яму i належалi галасы людзей, што сварылiся памiж сабой. Давай звернемся цяпер не ўвогуле да сведчання пра тыя галасы, а да таго, што было "асаблiвае" ў тых сведчаннях. Ты заўважыў у iх што-небудзь "асаблiвае"?