Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Эдгар Аллан По

У спальнi двое акон. Адно з iх нiчым не застаўлена i вiдаць зверху данiзу. Другое ж унiзе закрыта прысунутай упрытык спiнкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачынена знутры. Усе намаганнi падняць яго аказалiся марнымi. Злева ў аконнай раме была знойдзена шырокая дзiрка з забiтым туды па самую галоўку вялiкiм цвiком. Калi агледзелi другое акно, дык знайшлi такi самы цвiк, якi быў гэтак жа забiты ў раму; энергiчныя спробы падняць гэта акно таксама аказалiся марнымi. Такiм чынам палiцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглi ўцячы гэтым шляхам, i менавiта таму палiчылi за лiшняе выцягваць цвiкi i адчыняць вокны.

Мае назiраннi былi ў пэўнай меры больш уважлiвыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, на самай справе зусiм не такое.

Я пачаў разважаць aposteriori*.

* У зваротным напрамку (лац.).

Забойцы, скажам, вылезлi праз адно з тых акон. Калi так, то яны не маглi зачынiць вокны знутры, iх жа знайшлi апушчанымi, - гэта акалiчнасць, бо яна была вiдавочная, спынiла пошукi палiцэйскiх. Усё ж такi рамы былi замкнёныя. У такiм разе яны павiнны былi зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовiцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасцi выцягнуў цвiк i паспрабаваў падняць раму. Як я i думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што iснуе патаемная спружына, i дзякуючы гэтай iдэi я ўпэўнiўся, што мае меркаваннi, урэшце, былi правiльныя, якiмi б таямнiчымi па-ранейшаму нi здавалiся акалiчнасцi, звязаныя з цвiкамi. У вынiку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я нацiснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькi гэтым, не спрабуючы падняць акно.