Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Эдгар Аллан По

Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробiм самастойныя вышукi, перад тым як выказаць пра iх сваю думку. Расследаванне пазабавiць нас. - (Я падумаў, што слова пазабавiць - недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) - Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабiў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем i агледзiм будынак самi. Я знаёмы з Ж., прэфектам палiцыi, таму мы без цяжкасцi атрымаем неабходны дазвол.

Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылi на вулiцу Морг. Гэта цiхi завулак, якi злучае вулiцы Рышэлье i Рош. Квартал быў далёка ад месца нашага жыхарства, i таму мы дабралiся туды толькi пад вечар. Дом знайшлi адразу ж, бо вакол яго па-ранейшаму было шмат людзей, якiя, стоячы на процiлеглым баку вулiцы, з пустой цiкавасцю пазiралi на зачыненыя аканiцы. Гэта быў звычайны парыжскi асабняк з шырокiмi дзвярамi параднага ўвахода, да якога збоку прыляпiлася будка з адсоўным акенцам, па якiм можна было здагадацца, што гэта loge de concierge*.

* Памяшканне кансьержа (франц.).

Перад тым як зайсцi ў дом, мы прайшлiся па вулiцы, звярнулi ў завулак, зноў звярнулi, прайшлiся каля дома са двара - увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал, сам дом з незвычайнай пiльнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацiкавiць.

Вярнуўшыся тым жа шляхам да ўвахода, мы пазванiлi i, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалi ад дзяжурных палiцэйскiх дазвол зайсцi ўсярэдзiну. Мы пайшлi наверх, у пакой, дзе была знойдзена мадэмуазель Л'Эспанэ i дзе ўсё яшчэ ляжалi абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робiцца, захоўвалася ў непарушнасцi. Нiчога новага ў параўнаннi з тым, што пiсала "Судовая газета", я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважлiва агледзеў кожную дробязь, не абмiнуў i трупаў. Потым мы зайшлi ў iншыя пакоi i спусцiлiся ў двор, - увесь гэты час нас суправаджаў палiцэйскi. Агляд працягваўся да самай цемры, толькi з яе надыходам мы нарэшце развiталiся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвiлiну ў рэдакцыю адной ранiшняй газеты.

Я ўжо гаварыў, што дзiвацтвы майго сябра былi самыя нечаканыя, але Je les menegeais*: у ангельскай мове няма адпаведнага эквiваленту.

* Я iх шанаваў (франц.).

У той вечар у яго не было настрою весцi гаворку пра забойства, i завёў ён яе толькi апоўднi наступнага дня. Менавiта тады ён спытаў мяне, цi заўважыў я што-небудзь асаблiвае ў той сцэне жорсткасцi. Ён вымавiў слова "асаблiвае" з такiм нацiскам i такiм дзiўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.

- Не, нiчога асаблiвага, - адказаў я, - ва ўсялякiм разе, у параўнаннi з тым, што паведамлялася ў газеце.

- Баюся, што "Гэзэт", - запярэчыў Дзюпэн, - не спасцiгла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкiя разважаннi прэсы. Здаецца, што загадку лiчаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставiцца да яе, як да вельмi зразумелай - я маю на ўвазе outre* характар яе асаблiвасцей.

* Утрыраваны (франц.).

Палiцыю, вiдаць, збiла з толку адсутнасць матывацыi не столькi забойства, колькi жорсткасцi, з якой яно было здзейснена. Iх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкi чулi, як нехта сварыўся, але наверсе нiкога, акрамя забiтай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлi. Выйсцi ж адтуль, каб не заўважылi людзi, што падымалiся па лесвiцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоi, зацiснуты ў комiн унiз галавой труп, жахлiва знявечанае цела старой - гэтых абставiн, а таксама тых, пра якiя я толькi што гаварыў, i iншых, што не варта ўспамiнаць, было дастаткова, каб спаралiзаваць высiлкi ўлад, якiя, нягледзячы на сваю пранiклiвасць, якой яны так ганарацца, апынулiся ў тупiку. Яны сталi ахвярамi грубай, але вельмi распаўсюджанай памылкi, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавiта дзякуючы адхiленню ад звычайнага i адкрываецца прастор, калi гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках iсцiны. У вышуках, накшталт гэтых, якiмi мы цяпер займаемся, трэба ставiць не столькi пытанне "Што здарылася?", колькi "Што здарылася такое, чаго нiколi раней не здаралася?". I на самай справе iснуе непасрэдная суадноснасць памiж лёгкасцю, з якой я прыйду цi ўжо прыйшоў да разгадкi гэтай таямнiцы, i яе невырашальнасцю, якая iснуе на думку палiцэйскiх.