Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Владимир (2) Орлов

Вясна зрабiла фiлосафа задуменным i прыдзiрлiвым. Аднойчы Iрка выключыла ў ванным пакоi дожджык i пачула, як Юра прыцiшаным голасам са знаёмымi цёплымi iнтанацыямi запрашае нейкую жанчыну да сябе на дзень нараджэння. Якi сцэнар меўся быць гэтым разам, Iра не даведалася. Выслухаўшы яе слязлiвыя папрокi, Юра вытрас з чорнага канверта з-пад фотапаперы здымкi з мiнулага дня нараджэння, што святкаваўся тры месяцы таму. "Ты что, блядушка, из себя целку строишь? - крычаў ён. - Полюбуйся, полюбуйся на девочку Иришу. Вот она, между прочим, не с Юрочкой любимым, а с Сергеем... а у нее на личике невинном что нарисовано? Нет, господа присяжные заседатели, не ужас, не отвращение. Наша девочка глазки от сладости закатывает..."

Колькi дзён Iрка начавала на вакзале, дзе яе спрабавалi згвалцiць двое хлапцоў з багажнi. На трэцюю ноч яна даядала пакiнутыя на фольгавых талерачках кавалкi хлеба, i яе проста ў буфеце пачало ванiтаваць.

Галодная i хворая на грып, яна, як пабiты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякiя сантыменты скончылiся i iхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункi памiж гаспадаром i сабакам. Ён кармiў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводлiў бiў жалезным эспандэрам, калi яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскiя каманды, i нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымi фiласофскiмi штудыямi быў гандаль джынсамi i кружэлкамi.

Юра ўпiваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калi ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, "фiлосаф" не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, перамiргнуўшыся з гаспадаром, вёў Iрку ў другi пакой цi ў кухню, а на вулiцы - заводзiў у блiжэйшы пад'езд i, расшпiлiўшы на джынсах маланку, нагiнаў Iрчыну галаву.

Улетку, калi, паводле шчаслiва-бесклапотнага зiмовага плана, Iрына мела здаваць iспыты на фiлалагiчны факультэт, абмежаваная адно межамi ўласнае фантазii ўлада над дзяўчом конча набiла Юру аскомiну i ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго "сабачку" выгнаў на вулiцу, уручыўшы "на обзаведение хозяйством" 10 рублёў 50 капеек i клетку з чыюкам. На адвiтанне Iрына яшчэ мусiла заняцца з фiлосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.

Я слухаў i намагаўся ўявiць, як папярэднiца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хiмiцы, ленiнградская дзяўчынка Iра, без пяцi хвiлiн медалiстка, чытала на пасяджэннях лiтаратурнай студыi свае верлiбры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў i называла антыпаэтычным верш аднакласнiка "Девочки на танцах", дзе былi радкi: "Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно".

На вулiцы Iрку падабраў Жора на мянушку Кот, якi меў жывое i карае левае вока i шкляное i блакiтнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовiю (недзе там у халодным месяцавым святле сябры i прайгралi ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавiлi Ката ў адносiнах з жанчынамi ўсякай абыходлiвасцi, i самым ласкавым, што чула Iрка перад хвiлiнамi блiзкасцi, былi адрывiстыя загады накшталт "Ложись!" або "В стойку!". Калi Жору забралi трэцi раз, яна праходзiла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на "хiмiю", дзе i занялася складаннем спеўнiка, што трапiў да маiх рук у дзень прыезду.