Читать «Чацвёра падазроных (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Агата Кристи

Апошняе пытанне даволi бяскрыўднае, i я яго яму задаў. Яго адказ быў даволi просты. Сястра яго мацi выйшла замуж у Германii. Пiсьмо ён атрымаў з Германii ад кузiны. Такiм чынам я даведаўся пра тое, пра што раней не ведаў, у Чарльза Тэмплтана былi сувязi з Германiяй. Таму, безумоўна, ён быў уключаны ў спiс падазроных. Ён мой чалавек - хлопец, якi мне заўсёды падабаўся i якому я давяраў, але звычайная справядлiвасць i прыстойнасць патрабавалi, каб я яго ўнёс у спiс.

Але вось дзе ён, у пачатку цi ў канцы спiса - я не ведаю! Не ведаю... I, як вiдаць, нiколi не даведаюся. Няма пытання, як пакараць забойцу. Засталося пытанне, як мне здаецца, у сто разоў важнейшае. Загiнула кар'ера сумленнага чалавека... з-за падазрэння, - падазрэння, якога я не асмелiўся праiгнараваць.

Мiс Марпл кашлянула i ветлiва спыталася:

- Выходзiць, сэр Генры, калi я вас правiльна разумею, дык вы падазраеце гэтага маладога Тэмплтана?

- У нейкiм сэнсе так. Тэарэтычна ўсе чацвёра ў аднолькавым становiшчы, але на самай справе - не. Добс, напрыклад, - па-мойму, можа падазравацца, але гэта нiяк не паўплывае на яго далейшы занятак. Нiкому ў вёсцы нават у галаву не прыйдзе, што смерць старога Розена - не няшчасны выпадак. Гертрудзе амаль усё роўна, якая будзе яе кар'ера потым. Што да фройлян Розен, дык, магчыма, узнiкнуць калi-небудзь нейкiя цяжкасцi, але, мне здаецца, гэта не мае для яе асаблiвага значэння.

Што датычыць Грэты Розен... ну, дык тут мы падыходзiм да сутнасцi справы. Грэта - вельмi мiлая дзяўчына. Чарльз Тэмплтан - вiдны малады чалавек, i пяць месяцаў яны былi разам, пазбаўленыя ўсякiх забаў. I непазбежнае здарылася. Яны пакахалi адно аднаго, хоць i не падышлi да таго моманту, калi можна прызнацца ў гэтым.

А потым здарылася катастрофа. Тры месяцы таму назад, дзень цi два па звароце дахаты, да мяне прыйшла Грэта Розен. Яна прадала катэдж i вярталася ў Германiю, каб давесцi справы доктара Розена да канца. Яна прыйшла асабiста да мяне, хоць ведала, што я ўжо ў адстаўцы. Яна хацела бачыць мяне таму, што размова была сапраўды асабiстая. Спачатку яна абыходзiла гэтую тэму, а потым усё вылажыла. Што я думаю пра тое пiсьмо з нямецкiм штампам? - яна так мучыцца, перажывае з-за таго пiсьма, якое падраў Чарльз. Цi добрыя весткi былi ў iм? Безумоўна, яно павiнна было быць добрае. Канечне, яна паверыла яго словам, але... о! калi б яна толькi ведала! Калi б яна ведала дакладна!

Вы разумееце? Тое самае пачуцце: жаданне паверыць - але гэта жахлiвае, затоенае падазрэнне... Стараешся выкiнуць яго з памяцi, але яно, падазрэнне, застаецца. Я гаварыў з ёй шчыра i папрасiў яе таксама гаварыць са мной адкрыта, гаварыць праўду. Я спытаўся, цi кахае яна Чарльза i ён яе.

"Думаю, кахае, - адказала яна. - Я ведаю, што гэта так. Мы былi шчаслiвыя. Кожны дзень праходзiў радасна. Мы ведалi, мы абое ведалi. Нам не трэба было спяшацца, увесь час быў наш. У адзiн шчаслiвы дзень ён скажа, што кахае мяне, i я скажу яму, што таксама кахаю яго! Ах! Але можна толькi здагадвацца. А цяпер усё перамянiлася. Чорная бездань пралегла памiж намi. Адносiны ў нас цяпер нацягнутыя. Калi сустракаемся, мы не ведаем, што сказаць. З iм, вiдаць, тое самае, што i са мной... Кожны з нас гаворыць сам сабе: "Калi б я быў упэўнены!" Вось чаму, сэр Генры, я прашу вас сказаць мне: "Вы. можаце быць упэўненыя, Чарльз Тэмплтан не забiваў вашага дзядзькi!" Скажыце мне гэта! О, скажыце мне гэта! Я прашу... прашу!"