Читать «Чацвёра падазроных (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Агата Кристи
- Дзевяноста дзевяць чалавек з сотнi, безумоўна, думаюць гэтаксама як i вы, - пачаў ён. - Але, ведаеце што, не такая важная на самай справе, у жыццi, вiнаватасць, як важная невiнаватасць. Вось гэтага нiхто не хоча разумець.
- Я не разумею, - уставiла сваё слова Джэйн Халiер.
- А я разумею, - сказала мiс Марпл. - Калi мiсiс Трэнт заўважыла, што ў яе прапалi з сумачкi паўкроны, больш за ўсiх ад гэтага пацярпела служанка, мiсiс Артур, якая штодзённа прыходзiла прыбiраць. Канечне, Трэнты падумалi на яе, але яны былi людзi добрыя i, ведаючы, што ў служанкi вялiкая сям'я i муж п'е, не захацелi iсцi на крайнiя меры. Аднак адносiны да яе змянiлiся, i яны ўжо не пакiдалi на яе дом, калi ехалi куды. Гэта вельмi абражала служанку, бо i iншыя ставiлiся да яе гэтаксама. А потым раптам высветлiлася, што вiнаватая гувернантка. Мiсiс Трэнт убачыла праз адчыненыя дзверы ў люстэрку. Гэтую нечаканую з'яву, што абумоўлена непасрэднай прычынай, я назваў бы прадбачаннем. Вось што хацеў сказаць, мне здаецца, сэр Генры. Большасць людзей цiкавiла толькi, хто ўзяў манету, i выявiўся чалавек, якога нiхто не падазраваў, - зусiм як у дэтэктыўных гiсторыях. Але для мiсiс Артур, якая нiчога не натварыла, гэта было пытаннем жыцця або смерцi. Вы гэта мелi на ўвазе, сэр Генры, цi не?
- Так, мiс Марпл, вы вельмi дакладна перадалi маю думку. У вашым прыкладзе для той падзёншчыцы ўсё скончылася добра. Яе невiнаватасць была даказана. Але некаторыя людзi могуць усё жыццё пражыць, прыдушаныя сапраўды неапраўданым падазрэннем.
- У вас ёсць якi-небудзь канкрэтны прыклад, сэр Генры? - адразу перайшла да справы мiсiс Бантры.
- Па праўдзе кажучы, ёсць, мiсiс Бантры. Вельмi цiкавы выпадак. У гэтай справе, як мы i меркавалi, было ўчынена злачыннае забойства, але даказаць гэта мы нiяк не маглi!
- Яд, мусiць, - выдыхнула Джэйн. - Нешта такое, што не пакiдае слядоў.
Доктар Лойд ажывiўся, а сэр Генры адмоўна пахiтаў галавою.
- Не, мiлая. Не таямнiчы яд для стрэл паўднёваамерыканскiх iндзейцаў. Я б хацеў, каб гэта было нешта падобнае. Але мы сутыкнулiся з нечым больш празаiчным - такiм празаiчным, што няма нiякай надзеi знайсцi сляды злачынцы. Стары джэнтльмен упаў з лесвiцы i зламаў сабе карак: адзiн з тых сумных няшчасных выпадкаў, якiя здараюцца кожны дзень.
- А што было на самай справе?
- Хто ведае?.. - пацiснуў плячыма сэр Генры. - Штуршок ззаду ў спiну? Кавалак аборкi цi вяроўкi, што нацягнулi пад ногi наверсе лесвiцы, а потым прадбачлiва адвязалi? Пра гэта мы нiколi не даведаемся...
- Але ж вы лiчыце, што гэта... не быў няшчасны выпадак? Чаму?.. - спытаўся доктар.
- Гэта даволi доўгая гiсторыя, але... Ну, так, мы даволi ўпэўненыя. Як я ўжо сказаў, няма нiякiх шанцаў выявiць злачынцу - доказы слабыя, непераканаўчыя, i iх можна абвергнуць. Але ёсць i другi бок гэтай справы, i пра гэта я раскажу зараз вам. Бачыце, было чацвёра чалавек, якiя маглi зрабiць гэты фокус. Адзiн - вiнаваты, але астатнiя трое - невiнаватыя. I калi не выявiцца праўда, дык тыя трое так i застануцца пад падазрэннем.