Читать «Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 40
Агата Кристи
- Менавiта тады, - сказала мiс Лiнгард. - Калi мы ўсе прыйшлi з залы. Я здзiвiлася, убачыўшы ў пакоi Рут. I зразумела, што яна прыйшла з саду няйначай як праз акно. Тады я заўважыла аловак палкоўнiка Бэры на стале для брыджа. Я сунула яго ў сумку. Калi б пазней хтосьцi ўбачыў, як я падымаю кулю, я магла б сказаць, што гэта аловак. Праўду кажучы, я не думала, што нехта бачыў, як я падняла кулю. Я кiнула яе паблiзу люстра, пакуль вы аглядалi цела. Калi вы загаварылi са мной наконт гэтага, я вельмi ўсцешылася, што падумала пра аловак.
- Але, гэта было разумна i зусiм збянтэжыла мяне.
- Я баялася, нехта мог пачуць стрэл, але ведала, што ўсе апраналiся на абед, за сценамi пакояў. Слугi былi ў сваiх памяшканнях. Толькi мiс Кардвэл, магчыма, чула яго, i яна, вiдаць, падумае, што гэта зваротная ўспышка аўтамабiля. Тое, што яна чула, быў гонг. Я думала... я думала, усё было зроблена - камар носа не падточыць...
Мiстэр Фобз павольна i выразна вымавiў:
- Проста незвычайная гiсторыя. Няма як быццам нiякага матыву...
Мiс Лiнгард цвёрда сказала:
- Быў матыў...
I са злосцю дадала:
- Iдзiце, званiце ў палiцыю! Чаго вы чакаеце?
Пуаро ветлiва звярнуўся да ўсiх:
- Цi не будзеце вы ласкавы, усе, пакiнуць пакой? Мiстэр Фобз, пазванiце маёру Рыдлу. Я пабуду тут, пакуль ён прыедзе.
Павольна, адзiн за адным, усе выходзiлi з пакоя. Нiчога не разумеючы, ашаломленыя, шакiраваныя, яны кiдалi збянтэжаныя позiркi на акуратненькую прамую фiгуру з яе гладкiм сiвым праборам.
Рут была апошняя. Яна стала ў дзвярах, вагаючыся.
- Я не разумею. - Яна гаварыла злосна, з выклiкам, з асуджэннем Пуаро: Дык што, вы думалi, я ўчынiла гэта?
- Не, не, - Пуаро пакруцiў галавой. - Не, я нiколi так не думаў.
Рут павольна выйшла.
Пуаро застаўся з маленькай афiцыйна-стрыманай жанчынай сярэдняга веку, якая толькi што прызналася ў дасканала прадуманым i спакойным забойстве.
- Не, - сказала мiс Лiнгард. - Вы не думалi, што яна гэта зрабiла. Вы абвiнавачвалi яе, каб прымусiць гаварыць мяне. Праўда?
Пуаро схiлiў галаву.
- Пакуль мы чакаем, - проста сказала мiс Лiнгард, - вы маглi б адкрыць мне, што прымусiла вас падазраваць мяне?
- Некалькi фактаў. Па-першае, ваш расказ пра сэра Гервазы. Горды чалавек накшталт сэра Гервазы нiколi не гаварыў бы з пагардай пра свайго пляменнiка чужому, тым больш каму-небудзь з вашага кола. Вы хацелi ўзмацнiць тэорыю самагубства. I яшчэ вы з усiх сiл старалiся навязаць iдэю, што прычынай самагубства была нейкая ганебная справа, звязаная з Х'юга Трэнтам. Пра гэта, зноў-такi, сэр Гервазы нават не заiкнуўся б чужому. Потым - прадмет, якi вы паднялi ў зале, i вельмi важны факт - вы не ўпамянулi, што Рут увайшла ў сталовую з саду. I яшчэ я знайшоў папяровы мяшок - надзвычай неадпаведны прадмет для кошыка ў гасцiнай такога дома, як Гэмбара Клоўз! Толькi вы адна былi ў гасцiнай, калi чуўся "стрэл". Трук з папяровым мяшком сам прыйшоў у галаву жанчыне - хiтрамудрае дамашняе прыстасаванне. Такiм чынам, усё супадае. Спроба скiраваць падазрэнне на Х'юга i адцягнуць ад Рут. Механiзм злачынства i яго матыў.