Читать «Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 39
Агата Кристи
Пуаро зрабiў паўзу, пасля працягваў:
- Толькi адзiн чалавек быў у садзе, калi стрэлiлi. Той самы чалавек пакiнуў свае сляды на клумбе i адбiткi сваiх пальцаў на вонкавым баку акна.
Ён накiраваўся да Рут.
- I матыў меўся, так? Ваш бацька даведаўся пра ваш тайны шлюб. Ён рыхтаваўся пазбавiць вас спадчыны.
- Гэта хлусня! - Голас Рут быў звонкi i поўны пагарды. - У вашай гiсторыi няма нi слова праўды. Хлусня ад пачатку i да канца!
- Доказы супраць вас, мадам, вельмi моцныя. Суд прысяжных можа паверыць вам. Ён можа i не паверыць!
- Ёй не трэба будзе станавiцца перад судом.
Усе павярнулiся, ашаломленыя. Мiс Лiнгард устала са свайго месца. Яе твар зусiм змянiўся. Яна ўся дрыжала.
- Я застрэлiла яго. Прызнаюся! У мяне былi прычыны. Я... я чакала пэўны час. Мiстэр Пуаро не памыляецца. Я пайшла за iм сюды. Пiсталет узяла з шуфляды раней. Я стаяла побач з iм, размаўляючы пра кнiгу, i я застрэлiла яго. Было якраз пасля васьмi. Куля ўдарыла ў гонг. Я нiколi не думала, што яна так пройдзе праз яго галаву. Не было калi выходзiць i шукаць кулю. Я замкнула дзверы i паклала ключ яму ў кiшэню. Потым павярнула крэсла, разбiла люстра i, накрамзолiўшы на кавалку паперы "даруйце", выйшла праз акно i зачынiла яго так, як мiстэр Пуаро паказаў вам. Я ступiла на клумбу, але разраўняла сляды маленькiмi граблямi, якiя там загадзя паклала. Потым пайшла ў гасцiную. Пакiнула акно адчыненым. Я не ведала, што Рут выходзiла праз яго. Мы, вiдавочна, абышлi дом з розных бакоў. Я мусiла прыбраць граблi пад паветку, як вы разумееце. Я пачакала ў гасцiнай, пакуль не пачула, як нехта спускаецца ўнiз i Снэл iдзе да гонга, а тады...
Яна паглядзела на Пуаро.
- Вы не ведаеце, што я зрабiла тады?
- О, ведаю. Я знайшоў папяровы мяшок у кошыку. Ваша iдэя была вельмi разумная. Вы зрабiлi тое, што любяць рабiць дзецi. Вы надзьмулi папяровы мяшок i ляснулi па iм. Гэта быў усё ж моцны гук. Выкiнуўшы мяшок у кошык, вы паспяшалiся ў залу. Вы "ўстанавiлi" час самагубства i забяспечылi сабе алiбi. Але заставалася адна рэч, якая вас турбавала. У вас не было часу падняць кулю. Яна, вядома, ляжала недзе каля гонга. Было важна, каб кулю знайшлi ў кабiнеце дзе-небудзь паблiзу люстра. Я не ведаю, калi ў вас з'явiлася iдэя ўзяць аловак палкоўнiка Бэры...