Читать «Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Агата Кристи
Пуаро павольна i задуменна пакiваў галавою.
- Так, я падумаў пра гэта. Я атрымаў, разумееце, ад яго лiст. Гэта незвычайны лiст, якi не просiць, а клiча!
- Каралеўскi загад, - сказаў мiстэр Сэтазвэйт, злёгку хiхiкнуўшы.
- Менавiта. Гэтаму сэру Гервазы не прыйшло ў галаву, што я, Эркюль Пуаро, салiдны чалавек, у якога так многа спраў! Што надзвычай малаверагодна, каб я адкiнуў усё ўбок i прыбег, як паслухмяны сабака, як нiкчэмны паслугач, якi рады атрымаць хоць якое даручэнне!
Мiстэр Сэтазвэйт прыкусiў губу, каб схаваць усмешку. Ён мог падумаць, што калi гаварыць пра эгаiзм, дык тут не было вялiкай рознiцы памiж Эркюлем Пуаро i Гервазы Шэвенi-Гарэ.
Ён прамармытаў:
- Вядома; а калi справа, якой датычылася гэтая позва, была пiльная?..
- Не была! - Рукi Пуаро ўзнялiся ў паветра, зрабiўшы выразны жэст. - Я павiнен быў быць у яго пад рукою, вось i ўсё, на выпадак, калi яму спатрэбiцца выклiкаць мяне! Еnfin, jе vous dеmеndе!*
* Нарэшце, прашу вас! (фр.).
Рукi зноў красамоўна ўзнялiся ўгору, лепш за словы перадаючы гнеў мiстэра Эркюля Пуаро.
- Я зразумеў так, - сказаў мiстэр Сэтазвэйт, - што вы адмовiлiся?
- Я яшчэ не меў магчымасцi, - павольна сказаў Пуаро.
- Але вы адмовiцеся?
Новы выраз мiльгануў на твары маленькага чалавека. Яго брыво разгублена тарганулася. Ён адказаў:
- Як бы гэта сказаць? Адмовiцца - так, гэта была мая першая рэакцыя. Але я не ведаю... Часам ёсць нейкае прадчуванне. Цi не пахне тут рыбай...
Мiстэр Сэтазвэйт успрыняў гэтыя апошнiя словы сур'ёзна.
- Вось як? - сказаў ён. - Цiкава...
- Мне здаецца, - гаварыў далей Эркюль Пуаро, - што чалавек, якога вы намалявалi, можа быць вельмi крыўдлiвы...
- Крыўдлiвы? - здзiвiўся мiстэр Сэтазвэйт. Гэтае слова было не з тых, якiя ў яго звычайна асацыiравалiсяi з Гервазы Шэвенi-Гарэ. Але ён быў пранiклiвы i кемлiвы чалавек. Ён разважлiва сказаў:
- Здаецца, я разумею, што вы маеце на ўвазе.
- Гэта чалавек у латах, так, у латах - у сапраўдных латах! Латы крыжакоў нiшто ў параўнаннi з iмi, з латамi фанабэрыi, гонару, страшэннай самаўпэўненасцi. Гэтыя латы ў пэўным сэнсе абарона: стрэлы, штодзённыя стрэлы жыцця, адлятаюць ад iх. Але тут ёсць i небяспека: чалавек у латах часам можа нават i не ведаць, што яго атакуюць. Ён бачыць запаволена, запаволена чуе, яшчэ павольней адчувае.
Пуаро памаўчаў, потым спытаўся ўжо iначай:
- Якая сям'я гэтага сэра Гервазы?
- Ванда - яго жонка. Яна з Абаснатаў, была вельмi прыгожая дзяўчына. Яна i цяпер прыгожая жанчына. Страшэнна незразумелая, аднак. Адданая Гервазы. У яе, я ведаю, прыхiльнасць да акультных навук. Носiць амулеты i скарабеяў i заяўляе, што яна - пераўвасабленне егiпецкай царыцы... Далей, Рут - прыёмная дачка. У iх няма сваiх дзяцей. Вельмi прывабная дзяўчына ў сучасным стылi. Вось i ўся сям'я. Апрача, вядома, Х'юга Трэнта. Гэта пляменнiк Гервазы. Памела Шэвенi-Гарэ выйшла замуж за Рэгi Трэнта, i Х'юга быў iх адзiнае дзiця. Ён сiрата. Х'юга не можа атрымаць у спадчыну тытул, вядома, але я думаю, што яму пяройдзе ўрэшце большасць грошай Гервазы. Прыгожы хлопец; служыць у коннай гвардыi.