Читать «Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Агата Кристи
Яно амаль было камiчнае, замяшанне, выклiканае гэтай простай соntrеtеnрs*. I, аднак, Эркюлю Пуаро не было смешна... За гэтым замяшаннем ён адчуў напружанасць - магчыма, нават страх. I яшчэ - здалося дзiўным, што Гервазы Шэвенi-Гарэ не з'явiўся сустрэць госця, якога выклiкаў з такой таямнiчасцю.
* Тут: затрымка (фр.).
Тым часам было вiдавочна: узнiкла беспрэцэдэнтная сiтуацыя, калi нiхто не ведае, што рабiць.
Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўрэшце ўзяла iнiцыятыву ў свае рукi, калi гэта магло называцца iнiцыятывай, бо вельмi ж няўпэўнена яна сказала:
- Снэл, цi твой гаспадар?..
Яна не скончыла фразу, толькi з чаканнем паглядзела на дварэцкага.
Снэл прывык да метадаў здабывання iнфармацыi, якiмi карысталася яго панi, бо хутка адказаў на своеасаблiвае пытанне:
- Сэр Гервазы сышоў унiз у пяць хвiлiн восьмай, мiлэдзi, i адразу пайшоў у свой кабiнет.
- Вось як... - Яна на нейкi час так i застыла з разяўленым ротам, вочы, здавалася, глядзелi некуды далёка. - Цi не думаеш ты, што ён не чуў гонг?
- Я думаю, ён абавязкова чуў, мая лэдзi, гонг жа якраз за дзвярыма кабiнета. Я, безумоўна, не ведаў, што сэр Гервазы ўсё яшчэ ў кабiнеце, iнакш я далажыў бы яму, што абед гатовы. Можа, цяпер зрабiць гэта, мiлэдзi?
Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўхапiлася за гэтую прапанову з вiдавочнай палёгкай.
- О, дзякую, Снэл. Але, зрабi гэта, калi ласка. Абавязкова.
Калi дварэцкi пакiнуў пакой, яна сказала:
- Снэл - проста скарб. Я цалкам давяраюся яму. Сама не ведаю, што б я рабiла без Снэла.
Нехта штосьцi спагадна прамармытаў, згаджаючыся з ёю, але нiхто нiчога не сказаў. Эркюлю Пуаро, а ён назiраў за людзьмi ў пакоi, раптам вельмi выразна падумалася, што яны, усе да аднаго, у напружаннi. Яго вочы хутка бегалi па iх, "класiфiцыруючы" ўсiх у агульных рысах. Два пажылыя мужчыны, адзiн вайсковага выгляду, той, якi толькi што гаварыў, i хударлявы, тонкi, сiвы мужчына са шчыльна сцiснутымi вуснамi. Двое, далей, маладжавыя мужчыны, вельмi розныя па тыпу. Адзiн, з вусамi i выразам стрыманай ганарыстасцi, напэўна, пляменнiк сэра Гервазы, коннагвардзеец. Другога, з прылiзанымi, зачасанымi назад валасамi i даволi банальнай прыгажосцю, ён залiчыў да бясспрэчна нiжэйшага сацыяльнага класа. Была тут i маленькая жанчына сярэднiх гадоў з пенснэ i з разумнымi вачыма, i яшчэ была дзяўчына з агнiста-рыжымi валасамi.
У дзвярах з'явiўся Снэл. Яго манеры былi дасканалыя, але праз абалонку безаблiчнага дварэцкага праступалi знакi чалавечай устурбаванасцi.
- Даруйце, мiлэдзi, дзверы ў кабiнет замкнутыя.
- Замкнутыя?
Гэта быў мужчынскi голас - малады, iмклiвы, з ноткамi ўзбуджанасцi, голас прыгожага маладога чалавека з прылiзанымi валасамi. Ён спытаўся, iрвучыся наперад:
- Можна, я пайду i пагляджу?..
Але Эркюль Пуаро дужа спакойна ўзяў камандаванне на сябе. Ён зрабiў гэта так натуральна, што нiхто не палiчыў дзiўным, што гэты чужы чалавек, якi вось толькi прыехаў, бярэ справу ў свае рукi.
- Хадземце, - сказаў ён, - у кабiнет.
I далей, ужо Снэлу:
- Вядзi нас, калi ласка.
Снэл паслухаўся. Пуаро, як цень, iшоў за iм, i, як статак авечак, iшлi следам i ўсе астатнiя.