Читать «Выкраданне прэм"ер-мiнiстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Агата Кристи
- Прабачце, калi ласка. Хто гэты капiтан Данiэльс? У вас ёсць на яго дасье?
Эстэр усмiхнуўся.
- Я ведаў, што вы папытаеце ў мяне пра гэта. Пра яго вядома не вельмi многа. Ён са звычайнай сям'i. Служыў у ангельскай армii, вельмi здольны сакратар i выдатны перакладчык. Па-мойму, ён ведае сем моў. Гэта было падставаю, чаму прэм'ер-мiнiстр выбраў яго для суправаджэння ў Францыю.
- У яго ёсць якiя-небудзь сваякi ў Ангельшчыне?
- Дзве цёткi. Мiсiс Эверард, якая жыве ў Хампстэдзе, i мiс Данiэльс, якая жыве каля Аската.
- Аскат? Гэта недалёка ад Вiндзара, праўда?
- Тут таксама шукалi. Але гэта не дало нiякiх вынiкаў.
- Значыць, вы капiтана Данiэльса нi ў чым не падазраяце?
З горыччу ў голасе лорд Эстэр адказаў:
- Не, пан Пуаро. У гэтыя днi я буду сумнявацца, перш чым скажу пра каго-небудзь, што нi ў чым яго не падазраю.
- Гэта добра. На маю думку, мiлорд, у прэм'ер-мiнiстра была, як i трэба, пiльная палiцэйская ахова, якая абавязана не дапускаць магчымасцi нiякага замаху на яго.
Лорд Эстэр нахiлiў галаву.
- Гэта так. За аўтамабiлем прэм'ер-мiнiстра ехаў другi, у якiм былi дэтэктывы ў цывiльным адзеннi. Мiстэр Мак-Адам нiчога не ведаў пра гэтыя меры засцярогi. Смелы па натуры чалавек, ён не дазволiў бы гэтага. Ну, вядома, палiцыя прыняла свае меры. Шафер у прэм'ер-мiнiстра, О'Мэрфi, у сапраўднасцi чалавек з Сi-Ай-Дзi*.
* Дэпартамент крымiнальнага вышуку.
- О'Мэрфi? Гэта iрландскае прозвiшча, праўда?
- Ага, ён - iрландзец.
- З якой мясцовасцi ў Iрландыi?
- З графства Клар, здаецца.
- Ага! Але расказвайце, мiлорд.
- Прэм'ер-мiнiстр паехаў у Лондан. Аўтамабiль быў закрыты. Ён i капiтан Данiэльс сядзелi на заднiм сядзеннi. Другi аўтамабiль ехаў за iмi як звычайна. Але, на няшчасце, аўтамабiль з прэм'ер-мiнiстрам па нейкай невядомай прычыне з'ехаў з галоўнай дарогi.
- У тым месцы, дзе дарога паварочвае? - перабiў яго Пуаро.
- Ага... Але адкуль вы ведаеце?
- О, гэта вiдавочна! Расказвайце далей!
- Па нейкай невядомай прычыне аўтамабiль прэм'ер-мiнiстра з'ехаў з галоўнай дарогi. Палiцэйскi аўтамабiль, у якiм не заўважылi гэтага, ехаў па галоўнай дарозе. Крыху праехаўшы, аўтамабiль з прэм'ер-мiнiстрам быў спынены на бязлюднай дарозе групаю людзей у масках. Шафёр...
- Гэты храбры О'Мэрфi! - у задуменнi прамармытаў Пуаро.
- Шафёр, на iмгненне разгубiўшыся, нацiснуў на тармазы. Прэм'ер-мiнiстр выглянуў з акна. Адразу прагучаў стрэл, пасля другi. З першага яго ранiлi ў шчаку, з другога, на шчасце, не пацэлiлi. Шафёр адразу ацанiў усю небяспеку, даў газу i накiраваў машыну ўперад на бандытаў, якiя разбягалiся.
- На валасок ад смерцi! - усклiкнуў я.
- Мiстэр Мак-Адам не хацеў вялiкага шуму з-за той лёгкай раны. Ён сказаў, што гэта ўсяго толькi драпiна. Яны заехалi ў мясцовую вясковую бальнiцу, дзе яму аказалi медыцынскую дапамогу; хто ён такi, вядома, утоiў. Потым ён паехаў, як i было запланавана, на станцыю Чарынг-Крос, дзе яго чакаў спецыяльны цягнiк на Дуўр, i пасля кароткага даклада пра здарэнне, якi даў капiтан Данiэльс занепакоенай палiцыi, прэм'ер-мiнiстр паехаў у Францыю. У Дуўры ён сеў на мiнаносец, якi яго там чакаў. У Булонi, як вы ведаеце, яго чакаў аўтамабiль пад ангельскiм сцягам.