Читать «Выкраданне прэм"ер-мiнiстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Агата Кристи
- Гэта ўсё, што вы хацелi расказаць мне?
- Ага.
- I няма нiякiх падрабязнасцей, пра якiя вы не сказалi, мiлорд?
- Ну, ёсць адна даволi дзiўная падрабязнасць.
- Якая?
- Аўтамабiль прэм'ер-мiнiстра не вярнуўся дадому пасля таго, як мiстэр Мак-Адам выйшаў у Чарынг-Кросе. Палiцыi не цярпелася пагаварыць з О'Мэрфi, таму пошук пачаўся адразу. Аўтамабiль быў знойдзены каля аднаго агiднага рэстаранчыка ў Сахо*, якi вядомы як месца сустрэч нямецкiх агентаў.
* Раён у цэнтры Лондана.
- А шафёр?
- Шафёра нiдзе не знайшлi. Ён таксама знiк.
- Значыць, - сказаў Пуаро, - цяпер у нас два знiкненнi: прэм'ер-мiнiстра ў Францыi i О'Мэрфi ў Лондане.
Ён рэзка паглядзеў на лорда Эстэра, якi зрабiў адчайны жэст.
- Я магу толькi сказаць вам, пан Пуаро, што, калi б хто-небудзь намякнуў мне ўчора, што О'Мэрфi - здраднiк, я засмяяўся б яму ў вочы.
- А сёння?
- Сёння я не ведаю, што i думаць.
Пуаро з сур'ёзным выразам на твары кiўнуў галавою i зноў паглядзеў на свой вялiкi круглы гадзiннiк.
- Я так разумею, панове, што ў мяне поўная свабода дзеянняў, я маю на ўвазе - ва ўсiм. Я павiнен мець магчымасць ехаць куды хачу i на чым хачу.
- Вядома. У гадзiну ночы на Дуўр едзе спецыяльны цягнiк з дадатковым кантынгентам са Скотланд-Ярда. З вамi будуць армейскi афiцэр i чалавек з Дэпартамента крымiнальнага вышуку, яны будуць выконваць кожнае ваша распараджэнне. Гэтага дастаткова?
- Ага. I яшчэ адно пытанне перад тым, як вы пойдзеце, панове. Чаму вы прыйшлi менавiта да мяне? Я невядомы... малавядомы ў вышэйшым лонданскiм свеце.
- Мы знайшлi вас тэрмiнова па рэкамендацыi i па жаданнi адной вельмi высокапастаўленай асобы ў вашай краiне.
- Як? Мой стары сябар прэфект?..
Лорд Эстэр адмоўна пакруцiў галавою.
- Намнога вышэй, чым прэфект. Слова гэтай асобы было законам у Бельгii - i будзе зноў! Гэтым Ангельшчына паклялася.
Пуаро рукою зрабiў рэзкi тэатральны жэст.
- Хай збудзецца гэта! Ах, мой гаспадар не забывае... Панове, я, Эркюль Пуаро, буду служыць вам вераю i праўдаю. Толькi б паспець своечасова. Але пакуль што вельмi шмат няясных акалiчнасцей... Пакуль што я нiчога не разумею.
- Ну, Пуаро, - усклiкнуў я нецярплiва, як толькi дзверы зачынiлiся за мiнiстрамi, - што вы думаеце?
Мой сябар хуткiмi, спрытнымi рухамi складваў рэчы ў дарожны чамаданчык. Ён пакiваў галавою.
- Я не ведаю, пра што думаць. Мой розум нiчога не падказвае.
- Чаму ж усё-такi, як вы сказалi, яго ўкралi, калi лепш было б прыстукнуць?
- Прабачце мне, мой друг, але гэта я сказаў не падумаўшы. Безумоўна, усё гаворыць за тое, што яго ўкралi.
- Але чаму?
- Таму што неакрэсленасць стварае панiку. Гэта - адзiн доказ. Калi б прэм'ер-мiнiстр быў мёртвы, гэта было б вялiкiм няшчасцем, але становiшча праяснiлася б. Цяпер жа вы паралiзаваныя. Цi аб'явiцца прэм'ер-мiнiстр зноў? Мёртвы ён цi жывы? Нiхто не ведае, а да той пары, пакуль не знойдуць, зрабiць што-небудзь канкрэтнае не могуць. I як я гаварыў, неакрэсленасць нараджае панiку, якая на руку бошам. Апроч таго, калi выкрадальнiкi трымаюць яго дзе-небудзь, у iх ёсць перавага ў тым, што яны могуць дыктаваць любыя ўмовы абодвум бакам. Германскi ўрад як звычайна - не шчодры касiр, але ў гэтым выпадку ён раскашэлiцца. Па-трэцяе, iм не пагражае вяроўка ката. О, безумоўна, гэта - выкраданне.