Читать «Выкраданне прэм"ер-мiнiстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Агата Кристи

- Яны не назвалi сваiх прозвiшчаў, сэр, кажуць, што па вельмi важнай справе.

- Хай заходзяць сюды, - сказаў Пуаро, акуратна складваючы свае шэрыя штаны.

Праз некалькi хвiлiн у пакой зайшлi два вiзiцёры. Маё сэрца ёкнула, таму што ў адным я пазнаў лорда Эстэра, спiкера палаты абшчын, а яго кампаньён быў не хто iншы, як мiстэр Бернард Додж, сябра ваеннага кабiнета i, як я ведаў, блiзкi сябар прэм'ер-мiнiстра.

- Пан Пуаро? - звярнуўся лорд Эстэр. Мой сябар пакланiўся. Лорд паглядзеў на мяне i сказаў з запiнкаю: - Мая справа вельмi прыватная.

- Вы можаце адкрыта гаварыць перад капiтанам Хасцiнгсам, - адказаў мой сябар i кiўнуў мне, каб я застаўся. - Таленту сышчыка ў яго няма, але я ручаюся за яго асцярожнасць.

Лорд Эстэр яшчэ вагаўся, але нечакана ў размову ўмяшаўся мiстэр Додж.

- Гаварыце, не будзем гуляць у хованкi! Як я разумею, Ангельшчына даволi хутка даведаецца, у якую яму мы трапiлi.

- Прашу вас, сядайце, панове, - ветлiва сказаў Пуаро. - Вы, мiлорд, вось у гэта вялiкае крэсла.

Лорд Эстэр схамянуўся.

- Вы мяне ведаеце!

Пуаро ўсмiхнуўся.

- Вядома. Я чытаю газеткi з малюнкамi. Дык як я магу не ведаць вас?

- Пан Пуаро, я прыйшоў параiцца па вельмi тэрмiновай, жыццёва тэрмiновай справе. Я буду прасiць у вас выключнай сакрэтнасцi.

- Даю вам слова Эркюля Пуаро, большага абяцаць не магу! - ганарлiва адказаў мой сябар.

- Гаворка пойдзе пра прэм'ер-мiнiстра. Мы ў цяжкiм становiшчы.

- Мы трапiлi ў цяжкае становiшча! - паўтарыў i мiстэр Додж.

- Значыць, рана сур'ёзная? - папытаўся я.

- Якая рана?

- Рана ад кулi.

- Ах, гэта! - усклiкнуў з пагардаю мiстэр Додж. - Старая гiсторыя.

- Як сказаў мой калега, - вёў далей лорд Эстэр, - справа закончаная, i не трэба пра яе гаварыць. Усё абышлося. Як бы я хацеў сказаць тое самае i пра другi замах.

- Значыць, быў i другi замах?

- Ага, хоць i не такi, як першы. Пан Пуаро, прэм'ер-мiнiстр знiк.

- Што?

- Яго ўкралi!

- Немагчыма! - ускрыкнуў я i анямеў.

Пуаро глянуў на мяне так, што я зразумеў: трэба трымаць язык за зубамi.

- На няшчасце, тое, што здаецца немагчымым, на самай справе - праўда, сказаў лорд.

Пуаро паглядзеў на мiстэра Доджа.

- Вы толькi што сказалi, панове, што часу мала. Што гэта значыць?

Вiзiцёры пераглянулiся, потым лорд Эстэр сказаў:

- Вы чулi, пан Пуаро, пра канферэнцыю саюзнiкаў?

Мой сябар згодна кiўнуў галавою.

- Па даволi зразумелых прычынах не паведамлялася, дзе i калi яна адбудзецца. Але дата, хоць i не дапушчаная ў прэсу, вядомая ў дыпламатычных колах. Канферэнцыя павiнна адкрыцца заўтра, у чацвер вечарам, у Версалi. Цяпер вы разумееце ўсю сур'ёзнасць становiшча. Я не буду ўтойваць ад вас, што прысутнасць прэм'ер-мiнiстра на канферэнцыi - гэта жыццёва важная неабходнасць. Пацыфiсцкая прапаганда, пачатая нямецкiмi агентамi i падтрыманая ў нас, стала вельмi актыўная. Iснуе агульная думка, што паваротным пунктам канферэнцыi будзе выступленне прэм'ер-мiнiстра. Яго адсутнасць можа мець самыя сур'ёзныя вынiкi - магчыма, заўчасную пагiбель. I ў нас няма каго паслаць замест яго. Ён адзiн можа быць прадстаўнiком ад Ангельшчыны.