Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 73
Бернар Клавель
25
Паступова гнеў Iзабэлы перайшоў у плач, якi цягнуўся вельмi доўга.
Кантэн нерухома сядзеў i глядзеў на вуголле, якое раз-пораз успыхвала ўслед за парывамi ветру на дварэ. За яго спiною плакалi дзве жанчыны, i iх плач пераклiкаўся з працяглымi завываннямi зiмовай ночы.
Котка павольна вылезла з падпечка, некалькi разоў пацягнулася, аблiзала поўсць i ўскочыла Кантэну на каленi. Яна доўга прынюхвалася да яго курткi, штаноў, твару. Потым пацерлася пыскай аб калючы падбародак старога, разы са тры крутнулася на месцы i ўлеглася абараначкам.
Памалу жанчыны пачалi супакойвацца. Гэта нагадвала навальнiцу ўлетку, калi яна непрыкметна аддаляецца з кароткiмi парывамi ветру, падобнымi на ўсхлiпы. На дварэ таксама прыцiхла. Кантэн заплюшчыў вочы. Ён намагаўся прагнаць тое, што зноў варушылася ў яго душы.
Няўжо час спынiўся? Няўжо ўсё раптоўна ператварылася ў доўгую бясконцую ноч без свiтання?
Пасля нейкага нязвыклага маўчання зарыпела крэсла, на якiм сядзела Iзабэла. Гэта яна ўстала i ззаду падышла да Кантэна.
- Есцi хочаш? - спыталася спакойным голасам.
- Не, я не галодны.
- Усё-такi з'еш гарачага.
- Не, дзякую.
Кантэн адказваў не думаючы. Яму шкада было той цiшынi, якая ўсталявалася толькi на некалькi хвiлiн.
- Ва ўсякiм разе, талерка супу табе не пашкодзiць.
Жончын голас зноў набываў аўтарытэт. Кантэн падняў галаву. Жонка падкладала дровы ў плiту i не заўважыла гэтага. Полымя пад гаршком загуло, i калi Iзабэла зняла накрыўку, па кухнi разнёсся прыемны пах тушанай свiнiны. Кантэну адразу захацелася есцi.
- Ну, iдзi за стол, - паклiкала жонка.
Калi ён сеў за стол, суп ужо быў налiты ў талеркi. Яны пачалi моўчкi есцi, потым Iзабэла спыталася, амаль зусiм спакойным голасам:
- Дык раскажы хоць нам, як ты знайшоў яе. Дзе яна жыве? Цi праўда, што ў яе такi прыгожы пакой, як яна нам расказвала?
- Ага, праўда. Пакой вельмi добры.
- Ты спаў на яе канапе?
- На канапе.
- Гэты пакой застанецца за ёй? Цi доўга яна прабудзе ў Парыжы?
Кантэн крыху павагаўся, потым адказаў:
- Яна заплацiла за пакой да канца студзеня. А далей будзе вiдаць.
- Але ж яна не ведае, колькi часу прабудзе ў Парыжы?
- Не, яшчэ не ведае.
Iзабэла ўздыхнула, з'ела дзве лыжкi супу i зноў прадоўжыла свой допыт:
- Вы харчавалiся разам?
- Але.
- Дзе, у рэстарацыi?
- Ага.
Раптам Iзабэла павысiла голас:
- Ды гавары ты нарэшце! А то з цябе слова не выцягнеш.
- Ведаеш, Iзабэла, я вельмi стамiўся. Вельмi.
- Ты часам не прастудзiўся?
- Не.
- Ты не прывык да дамоў з гэткiм ацяпленнем. Вiдаць, было вельмi горача.
- Ага, вельмi.
- А ў цягнiку ўсё было добра?
- Вельмi добра.
Iзабэла замаўчала. Разы са тры iх позiркi сустрэлiся, але кожны раз Кантэн апускаў галаву. Дэнiза спыталася:
- Дом у Марыi-Луiзы такi маленькi, як яна хацела, цi не?
- Але, такi маленькi.
- I ў Парыжы ў яе таксама гэткi будзе?
- Але, гэткi самы.
Кантэн даеў свой суп. Потым адсунуў крэсла i сказаў, што хоча паглядзець скацiну.
- Ды ўжо сядзi ты, - кiнула Iзабэла, - скацiна дагледжаная. Нiчога з ёй не зробiцца. Убачыш заўтра ранiцай.