Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 72

Бернар Клавель

- Калi я добра зразумела, нам няма чаго спадзявацца на яе прыезд!

Кантэн баяўся жончынага гневу. Ён не ведаў, як сябе паводзiць, каб не раззлаваць яе яшчэ больш. Ён злаваў на самога сябе, што не мог знайсцi патрэбных слоў, i сказаў неўпапад:

- Мы не маем права быць эгаiстамi.

Iзабэла ажно падскочыла ад гэтых яго слоў.

- Табе лёгка гаварыць! Ты бачыў яе! Бачыў, i цяпер табе напляваць на нас! Ты заўсёды думаў толькi пра сябе. Пра сябе аднаго... А мне давядзецца яшчэ чакаць i чакаць... I ў цябе хапiла сумлення сказаць пра эгаiзм!

Пачала румзаць Дэнiза. Гатовая вось-вось расплакацца, яна прамовiла тоненькiм голасам:

- Табе пашанцавала, татка. Ты ўбачыў яе.

Кантэн глядзеў на iх. А ўжо ж! У параўнаннi з iмi яму вельмi пашанцавала! Вельмi! Яны нават уявiць сабе не маглi, як яму пашанцавала. Чым больш ён глядзеў на iх, тым больш яму здавалася, што ён бачыць iх такiмi ўпершыню. Яны не змянiлiся, кухня не змянiлася, ноч не змянiлася, i нават яго дом уначы не змянiўся. Змянiўся ён, Кантэн, бо пачаў глядзець на ўсё iншымi вачыма.

- Няўжо яна не прыедзе абняць нас перад тым, як выправiцца ў Парыж? спыталася Iзабэла.

Не раздумваючы, Кантэн адказаў:

- Яна паехала сёння вечарам, за некалькi хвiлiн перад маiм ад'ездам.

- Добра, што ты паехаў раней i паспеў развiтацца з ёю.

- Але, праўда.

Жанчыны ўсё падрыхтавалi да сустрэчы Новага года. Стол быў накрыты на чатырох. У вялiкай салатнiцы горкай ляжалi пасечаныя каштаны, на бярэмi дроў стаяла патэльня з дзiркамi.

Кантэн падышоў да малой, якая горка плакала, стоячы ля запаленых ясельцаў. Ён абняў яе за шыю, i калi яна падняла на яго пачырванелыя вочы, Кантэн заўважыў у iх папрок. Ён стаў тлумачыць:

- Яна ж цябе вельмi любiць, твая Марыя-Луiза. Ты сама гэта добра ведаеш. Яна заўсёды думае пра цябе... I я сказаў ёй, што ты змайстравала яселькi... Ты ведаеш, яна вельмi з гэтага ўзрадавалася... Яна так хацела прыехаць... Але нельга было...

Ён вымушаны быў замаўчаць i адвярнуць галаву, бо на вочы нагарнулiся слёзы, а ён не жадаў, каб убачылi, што ён плача.

- Няўжо ж мы не людзi тут! - крыкнула Iзабэла. - Няўжо цяжка было даць ёй хоць адзiн дзень, каб яна магла развiтацца з намi? Што там за гаспадары такiя? Што гэта за прафесiя? А ты, пэўна ж, не знайшоў, што сказаць iм. Ты нават не паспрабаваў сказаць, што я хворая. Няўжо ж табе мову адняло б, каб ты хоць разок зманiў? Ты манiць не ўмееш... Не можаш... У цябе свае прынцыпы... Ты толькi можаш важдацца са сваёй зямлёю, са сваёй жывёлай, са сваiмi кнiжкамi!

Iзабэла гаварыла i гаварыла. Яна ўсё вярнула на Кантэна. Толькi ён адзiн быў ва ўсiм вiнаваты. Яна называла яго эгаiстычнай i ганарыстай пачварай, яна абражала яго, як толькi магла.

Кантэн слухаў моўчкi. Ды яму не было чаго i сказаць. Яму здавалася, што ад гэтага жончынага гневу iм абаiм стане лягчэй. Яна абзывала яго такiмi словамi, якiх ён не асмелiўся б нават прашаптаць. У той жа час ён ведаў наперад, што яна скажа. Бо так i павiнна было быць.

Паклаўшы локцi на каленi, Кантэн глядзеў на чырвоныя вугольчыкi на каласнiку, якiя нагадвалi яму вязняў за кратамi.