Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 43

Бернар Клавель

Перад яго вачыма ўсё яшчэ стаяў твар прастытуткi. З-пад пасмы чорных валасоў на яго глядзелi злосныя вочы, аднак ён не стараўся пазбавiцца iх. Наадварот, Кантэну хацелася затрымаць гэта аблiчча надоўга. Так, яна была прастытутка! I яго спрабавалi пераканаць, што яго Марыя-Луiза таксама стала такою! Сама горшае тое, што ён ледзь не паверыў у гэта. Цяпер адна палова ў iм ажно крычала ад роспачы з-за таго, што ён мог несправядлiва падазраваць сваю дачку, другая ж даводзiла, што нiчога такога не было. Бедная дзяўчынка! Ёй нiхто не дапамагаў, яна толькi i думала аб тым, каб шчыра працаваць. А яшчэ, цi магла б шлюха пiсаць такiя лiсты сваiм бацькам, цалаваць мацi i сястру? Цi змагла б яна трацiць грошы на падарункi нявiннай Дэнiзе, грошы, заробленыя гэткiм шляхам? Вядома, не! Трэба быць вар'ятам, каб паверыць у такое. Кантэн не мог сабе адказаць, што прымусiла яго загаварыць з гэтай вулiчнай дзеўкай, стома або знерваванасць, толькi ён лiчыў, што зрабiў правiльна. Цяпер ён адчуваў сябе спакайней. Утульна ўладкаваўшыся на драўлянай лаўцы, Кантэн вырашыў паспаць пару гадзiн.

Ён доўга змагаўся з дрымотаю, але ўрэшце пачаў кляваць носам. Насунуўшы капялюш на вочы i паклаўшы галаву на рукаў футра, ён задрамаў на хвiлiнку, як раптам быў разбуджаны голасам з гучнагаварыцеля, якi абвясцiў, што адыходзiць цягнiк на Страсбург. Праз гадзiну гэты цягнiк пройдзе ў яго родных мясцiнах. Яго грукат, якi Кантэн цяпер чуе, неўзабаве пачуе Iзабэла. Яна таксама не будзе спаць. Яна будзе ляжаць на ложку, выцягнуўшыся, быццам нябожчык, нават рукi зложыць на жываце. Яна будзе чакаць. Яна ведае, што гэтым цягнiком нiхто не прыедзе, аднак будзе яшчэ доўга прыслухоўвацца да начных гукаў.

Тут жа ноч была не такая, каб яе можна было слухаць. Яна была напоўненая гоманам i грукатам. Там Iзабэла магла яе слухаць. Ноч гучна дыхала вакол дома. Яна ўзнiмалася з нябачнай далiны i, быццам вялiкая рака, цякла мiж узгоркаў. Пад яе цяжарам крактала бярвенне, рыпелi аканiцы. Ноч непакоiла жывёлу, якая тузала ланцуг i стукала капытамi. Ноч прыносiла з лесу пах дзiчыны, ад якога трусы вар'яцелi i шалёна насiлiся па сваiх гулкiх домiках. Усё гэта там было, адна толькi Дэнiза спала па-сапраўднаму.

А настаўнiк, адзiн у сваiм халасцяцкiм пакоi, чытаў нешта перад сном.

Кантэн варочаўся, каб улегчыся ямчэй. Аднак не спалася. Лоб налiўся свiнцом, кроў моцна стукала ў скронях, па спiне прабягалi хвалi то цяпла, то холаду. Усё зрабiлася пакутай: гэты бясконцы гоман, грукат, нязручная лаўка i гэта пастава, у якой ён не прывык спаць. Аднак ён паступова змiрыўся з усiм гэтым i цярплiва чакаў прыходу ранiцы, хоць i баяўся яе. Сам не ведаў чаму, але баяўся ранiцы i той хвiлiны, калi ён павiнен будзе пакiнуць вакзал.

А пакiнуў ён вакзал яшчэ досвiткам. Разбудзiў яго кашмарны сон: на вулiцы да яго падышла шлюха, падобная на тую, з якой ён размаўляў, i яны пайшлi разам. Кантэн падняўся з ёй у пакой. Выходзячы ад яе, ён пазнаў у ёй сваю дачку. А на вулiцы яго чакаў настаўнiк. Кантэн прачнуўся i заўважыў, што ўсе навокал здзiўлена глядзяць на яго. Ён хуценька апрануў футра, узяў пакунак i пайшоў прэч.