Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 39

Бернар Клавель

Кантэн увайшоў у вялiкi хол вакзала. Ужо iшла дзесятая гадзiна.

А што, калi Марыi-Луiзе пашанцуе вызвалiцца ў апошнюю хвiлiну? Калi яна адна сядзе ў цягнiк?.. Кантэн ледзь не засмяяўся. Не, гэта было б вельмi смешна. Але раз ён нiчога дакладна не ведаў, то ён вымушаны быў меркаваць i ўяўляць рознае.

Ён хацеў скiраваць свае думкi на бiблiятэку, у якой было нямала кнiг, але думка пра цягнiк прымусiла яго вярнуцца ў родныя мясцiны. Там у пустым i дрэнна асветленым вакзале iх доўга будзе чакаць настаўнiк. Пройдзе апошнi цягнiк, i вакзал зачыняць да ранiцы. У iм стане пуста, холадна, цёмна. Настаўнiк вернецца дадому, ён будзе доўга думаць аб Марыi-Луiзе. Але яго думкi будуць горкiмi i пакутлiвымi. I адчуваць сябе ён будзе горш, чым Кантэн. Настаўнiк вырашыць, што Марыя Луiза закахалася ў горадзе ў iншага хлопца.

Урэшце, так яно, можа, i ёсць. Марыя-Луiза магла адкрыць краму з хлопцам або з мужчынам, якi старэйшы за яе. Многiя такiм чынам уладкоўваюць сваiх палюбоўнiц. Таму яна i хавае гэта ад бацькоў. Вiдаць, мужчына, якi яе кахае, сам не свабодны. А можа, усе гэтыя людзi, у якiх ён пытаўся пра яе, проста зайздросцiлi ёй?

Кантэн зноў зрабiў над сабою намаганне, каб не думаць пра Марыю-Луiзу.

Ля бiлетных касаў мiтусiлася нямала людзей. Шмат iх было i ў чакальнай зале, i ў калiдоры, i ў зале даведак, i нават на плошчы, дзе ўзад-уперад соўгалiся таксi, дзе без парадку стаялi машыны, i здавалася, што яны ўжо не змогуць выехаць адгэтуль.

Кантэн паблукаў крыху, агледзеўся. Яму не давала спакою думка, што прыйдзецца бавiць аднаму доўгую ноч. Ён ледзь не засмяяўся, калi ўявiў, што правядзе ўсю ноч у чакальнай зале. Але раптоўна найшла злосць: тут, у горадзе, жыве яго дачка, у якой ёсць свой пакой з канапай для бацькi, а ён павiнен сядзець на вакзале!

Кантэн зайшоў у буфет. Там было поўна людзей. Яны пiлi i елi. На сталах была зялёная салата, крутыя яйкi, варанае мяса i жоўты, падазронага колеру, соўс. Але Кантэну хацелася хлеба, якi некалi пяклi яны ў сваёй печы, у якой цяпер стаяць яселькi.

Цiкава, цi ляглi жанчыны спаць? Вiдаць, не яшчэ. Яны чулi, як прайшоў апошнi цягнiк. Чакалi добрую палову гадзiны, часта адчынялi дзверы ў халодную ноч, запальвалi святло на двары.

Як гэта цяжка, увесь час думаць аб тым, што яны там чакаюць, што яны зусiм адны. Думаць пра гэтыя яселькi ў старой печы, у якой раней пяклi хлеб. Думаць пра гэты хлеб! Вялiкi, з тоўстай духмянай скарынкай, ад аднаго паху якога цякуць слiнькi. Думаць пра хлеб, калi так хочацца есцi, а вы шукаеце сваю дачку, але не знаходзiце яе i вымушаны начаваць на вакзале.

Ад гэтых думак яго зноў закалацiла, i ён вырашыў выпiць кубак кавы або булёну. Ён зноў зайшоў у буфет, але там была такая таўкатня, што Кантэн вымушаны быў выйсцi. Пайшоў да бiлетных касаў, але думка пра вялiзны бохан з тоўстай рудой скарынкай не пакiдала яго. Ён нiколi не мог сабе ўявiць, што хлеб можа займаць такое вялiкае месца ў думках чалавека, якi хоча есцi. Праўда, у яго дома былi яшчэ доўгi, накрыты квяцiстай цыратай стол, лiтровая бутэлька з вiном, цыбуля, гарох у струках, дровы ля плiты. Усё гэта было дома, але яно жыло неяк асобна ад Кантэна. Там хапала месца жонцы i дачцэ, котцы i ўсяму iншаму. Ён бачыў усё гэта вельмi выразна, але часам у галаве нешта блыталася. Напрыклад, котка пераходзiла з аднаго малюнка на другi. Такога ён яшчэ нiколi не бачыў. Нi разу яго галава не была занятая так моцна. У ёй сабралася ў адно ўсё: i горад, i яго людзi. Нiколi свет не здаваўся Кантэну такiм складаным, як сёння. Нават тады, калi ён чытаў кнiгi рускiх аўтараў, у якiх героi мелi вельмi складаныя прозвiшчы, i Кантэн нiяк не мог запомнiць iх.