Читать «Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Грэм Грин

Вецер сцiхнуў на некалькi хвiлiн, i дым, якi хуткiмi парывамi гойсаў па прычале, памiж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на iмгненне супакоiўся. Нерухомыя вялiзныя шматкi дыму здавалiся Майету шэрымi намётамi качэўнiкаў, калi ён iшоў па слоце. Ён забыўся на тое, што яго замшавыя чаравiкi зусiм сапсавалiся, што нахабны афiцэр мытнi прычапiўся да дзвюх яго шаўковых пiжам. Ад нахабства гэтага афiцэра, ад яго пагарды, ад здзеклiвых шэптаў: "Juif, juif"*, ён хаваўся ў засенi тых вялiзных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нiбыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць нi пра сваё дарагое футра, нi пра модны гарнiтур, пашыты на Сэвiл-роўд, нi пра свае грошы, нi пра высокае становiшча ў фiрме. Але калi ён наблiзiўся да цягнiка, вецер iзноў узняўся, намёты з дыму паразвейвалiся, i ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.

* Жыд, жыд (фр.).

Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купiць. Праўда, за iх не заўсёды купiш ветлiвасць i далiкатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такi забяспечылi. Ён першы прайшоў агляд на мытнi i да прыходу астатнiх пасажыраў паспеў дамовiцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць i разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым iншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай i невялiкiмi чаявымi. Ён мiнуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялiкiя лямпы пад ружавата-лiловымi абажурамi блiшчалi на свежых абрусах, засланых для абеду. "Остэндэ-Кёльн-Вена-Белград-Стамбул". Ён прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на iх: маршрут быў яму добра вядомы - назвы праплылi на ўзроўнi яго вачэй, нагадаўшы яму шпiлi мiнарэтаў, купалы цэркваў цi саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасцi цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.

Кандуктар, як ён i меркаваў, быў няветлiвы. "Цягнiк перапоўнены", пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон - у красавiку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, i на пароме ён заўважыў толькi некалькi пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калiдор вагона працiснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзi трымалi ў руках шалi, пледы i прыгожа аформленыя даведнiкi, стары святар скардзiўся, што некуды засунуў i не можа знайсцi "Уайд Уорлд Мэгэзiн": "Калi падярожнiчаю, я заўсёды чытаю "Уайд Уорлд Мэгэзiн"; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы i звыклы з усялякiмi перыпетыямi падарожжа гiд са значком турысцкага агенцтва. "Volia"*, - сказаў кандуктар i жэстам паказаў, што ў цягнiку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесцi вакол пальца - ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанiя турыстаў, мяркуючы па iх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, якi накiроўваецца ў Афiны. Калi Майет павялiчыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся i наляпiў на дзверы купэ паперку: "Месца занятае". Уздыхнуўшы з палёгкi, Майет нарэшце застаўся адзiн.