Читать «Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Грэм Грин

Рычард Джон, насунуўшы плашч па самыя вушы, глянуў на перон з акна калiдора i ўбачыў, як будынкi вакзала пачалi рухацца назад, у напрамку павольных хваляў мора. "Гэта - канец, - падумаў ён, - цi, хутчэй, пачатак". Твары людзей за акном вагона паплылi назад. Мужчына з кiркай на плячах узмахнуў чырвоным лiхтаром. Дым паравоза ахутаў яго i закрыў святло лiхтара. Тармазы заскрыгаталi, клубы дыму развеялiся, i сонца палыхнула па рэйках, па акне i па вачах. "Хоць бы мне хутчэй заснуць, - падумаў ён з вялiкай тугой, - я б здолеў тады помнiць лепей усё тое, пра што мне неабходна помнiць".

Дзверцы паравознай топкi прыадчынiлiся, i адтуль на iмгненне шуганула полымя, дыхнула спякота. Машынiст даў поўную пару, i пляцоўка пад яго нагамi здрыганулася ад цяжару вагонаў. Неўзабаве рухавiк паравоза пачаў працаваць плаўна i раўнамерна. Апошнiя промнi сонца заблiшчалi, калi цягнiк iшоў уздоўж марскога берага цераз Бругэ. Рэгулятар быў перакрыты, хапала маленькай пары. Сонечны захад асвятлiў высокiя крутыя ўцёсы, марскiя залiвы, вада якiх адлiвала зменлiвым святлом. Недзе там, непадалёк, нiбыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад - на якi шмат дзiвiлiся, пра якi шмат гаварылi, у якiм здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзе-нiдзе аднастайнасць пейзажу парушалi непрыкметныя вёсачкi, хаты якiх выходзiлi фасадамi на дарогу i былi аздоблены каляровай чарапiцай, аднак фарбы яе былi прыглушаны прыцемкамi. З паравоза выляталi iскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалi i тлелi ўскрай чыгункi, апускалiся на дрэвы, кусты, капуснiкi на агародах i ператваралiся ў попел. Дзяўчына на канi праводзiла вачыма цягнiк i ўсмiхнулася, а на беразе ракi, побач з вудай, ляжалi ў абдымках мужчына i жанчына. Потым за вокнамi вагонаў зрабiлася зусiм цёмна, i пасажыры маглi бачыць у шыбах вокнаў толькi цьмянае адлюстраванне сваiх аблiччаў.

- Рrеmiеr Sеrviсе, Рrеmiеt Sеrviсе*, - рэхам пракацiўся голас па калiдоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне-рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столiк i ўцягнуў яго ў ветлiвую размову, якая, зусiм магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прынiжэннем яго годнасцi. Канстанцiнопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, наблiжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталi за вокнамi экспрэса. Калi падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца - Майета будзе чакаць аўтамабiль, потым - мiльгаценне мiнарэтаў, брудная лесвiца i, нарэшце, мiстэр Экман, якi падымаецца з крэсла пiсьмовага стала. Мудрагелiстая казуiстыка, лiчбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калiдоры, ён павiнен абдумаць кожнае слова, прарэпецiраваць кожную iнтанацыю. Лепей яму мець справы з ангельцамi цi туркамi, а мiстэр Экман i недзе там, за кулiсамi, загадкавы Стэйн - яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседнiка трымаюць цыгару.