Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 95

К Акула

Збочча гары раптоўна падымалася, й Сымон не бязь цяжкасьцяў крочыў наперад. Часта хапаўся за камлi дрэваў, каб не спатыкнуцца й не скацiцца назад. Iшоў цi, дакладней сказаць, лез мо хвiлiн пятнаццаць. Дрэвы зноў парадзелi й замянiлiся нiзкiмi кустамi. Уверсе вецер хутка гнаў хмары на ўсход, Яшчэ колькi хвiлiн, i пачнецца дождж. Сымон ня мог зразумець, што сталася зь Вiктарам. Няўжо-ж не асьмелiўся?

Адзiнокая аса, узбуджаная, вiдаць, раптоўнай зьменай пагоды, а мо й нечаканым наведвальнiкам, дробнымi кружкамi замiтусiлася над Сымонавым шлемам, быццам выбiраючы месца, дзе ўкусiць, i джгнула яго ў шыю.

- Ах, каб цябе нячыстая! - вылаяўся ўцякач.

Першыя рэдкiя й цяжкiя кроплi дажджу пасыпалiся на чупрыны кустоў. Сымон, выбраўшыся на плоскi гарызантальны хрыбет горкi, падаўся ў правы бок, асьцярожна ступаючы наперад. Хутка апынуўся над самым краем стромай сьцяны. Прысеў, схаваўшыся за куст. Тое, што пабачыў унiзе, адразу выясьнiла яму ўсю сытуацыю.

Пад нагамi яго ляжала вялiкая мясцовасьць. Як пасьля даведаўся называлася Клерваль. Дарога раптоўна загнула налева якраз там, дзе Сымон, уцякаючы, убачыў тры нямецкiя аўтамашыны. Вiктар таму й не мог уцячы. Бок гары з усходу быў надта стромы, а калi-б i не, дык Вiктар Караткевiч ня мог-бы ўцячы ад свае калёны ў мястэчку. Сымон разглядаў мост на рэчцы, чыгунку, што праходзiла ля самага падножжа гары, шашу, якая, перабегшы на паўдзённы бок рэчкi, стужкай абкружыла даволi шырокую далiну ва ўсходнiм кiрунку. Дарога была пустая. Сымонавай калёны ўжо ня было вiдаць. Толькi ў мястэчку затрымалiся на вулiцы тры хурманкi. Па нейкiм часе зь дзьвярэй крамаў выйшла колькi зялёных фiгурак. Яны селi на каламажкi, якiя трушком пакацiлiся па шашы.

IX

Сымон сядзеў, разглядаўся й разважаў. У сэрца пачала ўкрадацца трывога. Уцячы - гэта адно, але што цяпер рабiць? Трэба было наважыцца й то хутка. Куды кiнуцца? Дый як-жа гэта аднаму быць? Бязвыхаднасьць раптам ярка адлюстравалася ў Спарышовым уяўленьнi. Зрок блудзiў перш па далёкай дарозе, па стрэхах мястэчка й пасьля спынiўся каля правай рукi, якой юнак быў падпёршыся. На шыракаватай, можа, на сантымэтр цэлы, выхаджанай мурашкамi сьцежачцы Сымон заўважыў вялiкую чорную мурашку, што цягнула ў колькi раз большы за сябе кавалак сухога дрэва. Учапiўшыся за яго пярэднiмi лапамi, яна паволi рухалася задам.

Спарыш на момант забыўся аб сваiх турботах i зацiкавiўся працавiтым жыхаром лясоў i палёў. Асаблiва цiкава назiраць было, як мурашка старалася перавалачы свой багаж на другi бок таўставатай галiнкi, што ляжала поперак ейнай сьцежачкi. Праз той вузенькi праход, што мурашкi вытачылi пад галiнкай, кавалак дрэва не пралазiў. Пасьля пары няўдалых спробаў мурашка выпаўзла сама, адапхнула дрэва назад, колькi разоў абабегла навокал яго, быццам мяркуючы, што рабiць далей, ды хутка зноў узялася за працу, каб перацягнуць ладунак цераз бар'ер. Але як нi чаплялася заднiмi лапкамi за галiнку й як нi натужвала ўсе свае сiлы - нiчога не выходзiла. Iзноў абабегла навокал багажу, мяркуючы, якi тут знайсьцi ратунак.