Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 94

К Акула

- Слухай, Вiктар, тут!

Вiктар разгледзеўся.

- Ужо цяпер?

- А чаго чакаць? Ты зараз-жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькi дзясяткаў мэтраў шмыгнеш i ты.

- Я гатовы. Хiба-ж ты не парадзiш мне хатуля забiраць, каб немцы пыталiся, куды йду.

- Добра, няма часу на жарты. Глядзi адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклiкнiся, каб мы, баранi Божа, ня згубiлiся.

- Добра, iдзi ўжо.

Сымон паправiў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсьцi ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адыйшоў на левы бок дарогi, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысьля, каб усе бачылi, адшпiлiў пояс з патранташамi й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце зьвязовы Штык, што бачыў Сымона й не зьвярнуў на яго вялiкай увагi. Жаўнеры часьценька па дарозе адыходзiлiся ў кусты.

Таму, што Сымонава рота iшла пры хвасьце калёны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загiбе дарогi. Сымон хуценька зiрнуў, цi нiкога няма на дарозе, i шпаркiмi крокамi кiнуўся пад горы цераз паласу сенажацi. Адно некалькi крокаў дзялiла яго ад падгорных зарасьнiкаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знiкла калёна, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Мiж Сымонам i ёй было мо паўкiлямэтра адлегласьцi.

У кузаве ехалi жаўнеры Вэрмахту. За першай паказалася другая й трэцяя.

Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў панiку ня кiнуўся. Яму выпадала або тут-жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажацi ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылi, або дабегчы тых колькi крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо-ж кiнуцца за iм у кусты? Сымон думаў маланкай i наважыўся дабегчы да кустоў. Прысьпяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся нiцма цэлай сваёй постацьцю на першыя зарасьнiкi. Трапiў, мусiць, на нейкiя калючкi, што, быццам кацiнымi кiпцюрамi, дзёрнулi яму ўздоўж твару. Гвалтоўна бiлася сэрца, цяжка дыхалi грудзi. Сымон баяўся зварухнуцца. "Бачылi цi не? Няўжо-ж бачылi? А вось тады мне пападзецца".

Крышку падняў галаву, павярнуў яе направа ў кiрунку дарогi й сачыў за тымi трыма машынамi. Яны затрымалiся. Сымону новая хваля крывi хлынула ў галаву. Ужо яму здалося, што вось-вось пачнуць саскокваць з машын жаўнеры й гнацца, шукаць яго, Сымона, па лесе. Але нiчога падобнага не сталася. Машыны пастаялi нейкiх пару хвiлiн няведама чаго й зноў рушылi. Юнак устаў i ледзь выблытаўся з густых калючых галiнак. Правёў правай рукой па твары й пабачыў на далонi кроў.

- Каб цябе лiха! - прамармытаў.

Часу нельга было трацiць. Хутка заглыбiўся ў зарасьнiкi, якiя зараз замянiлiся сярэдняга росту дрэвамi. Пад нагамi шалясьцела леташняе лiсьце. Затрымаўся, заладаваў стрэльбу, наставiў бясьпечнiк i трымаў яе напагатове. Уважна разглядаючыся навокал, а перадусiм у правы бок, яшчэ прайшоў колькi крокаў i пачаў клiкаць свайго сябру:

- Вi-i-i-i-i-i-ктар!

Рэха гулка раскацiлася на ўсе бакi. Адказу ня было. Сымон гукнуў яшчэ колькi разоў. Тое самае. Вецер моцна скалатнуў вершалiнамi лесу. Сонца схавалася за хмарай.