Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 97

К Акула

"Трэба-ж нагвалт на нешта наважыцца. Не магу так вось сядзець, - разважаў Сымон. - А мо каб пайсьцi дый дагнаць вабоз? Пэўна-ж, далёка не ад'ехалiся. Цi гэта ня будзе небясьпечна? Мо ўжо даведалiся, што мяне няма? Але якi-ж iншы выхад? Мо там як вытлумачуся, а мо маёй адсутнасьцi й не заўважылi, а калi й спасьцераглi, дык можна будзе неяк выясьнiць, апраўдацца, сказаць, што проста дзеля патрэбы застаўся, цi яшчэ што выдумаць. Але што? I цi павераць? Дык што рабiць? Эх, што будзе, тое няхай будзе!"

Пры гэтай думцы Сымон махнуў рукой: буду даганяць!

Хуценька падняўся й, стулiўшы плечы, каб дождж не лiў за каўнер, падаўся назад тымi самымi сьлядамi, якiмi прыйшоў. У лесе схаваўся пад страхой верхнiх густых лiсьцяў. Менш дакучаў дождж. Хутка перабег тую паласу сенажацi й зноў апынуўся на шашы. Перш упэўнiўшыся, што нiкога няма на дарозе, на хаду разладаваў стрэльбу. Хуткiм крокам iшоў па правым баку. У Клервалi вулiцы сьвяцiлi пусткай, жывой душы ня вiдаць было. Сымон мiнуў масток i ўжо плянаваў, як гэта будзе тлумачыць сваю адсутнасьць. А тлумачыць, пэўна-ж, прыйдзецца.

Х

Першая гвалтоўная хваля лiўня мiнула. Церушыў дробненькi гусьценькi дожджык. Сымон не зважаў. Каб толькi ўсяго й было бяды - дажджу. Прайшоўшы нейкiх пару кiлямэтраў, заўважыў насупраць аўтамашыну. Гэта была легкавая даўгая вайсковая машына, у якой езьдзiлi штабовыя афiцэры. Яна прыблiзiлася, звольнiла, затрымалася. Сьпераду сядзеў шафёр, а ззаду - палкоўнiк з капiтанам. Сымон адсалютаваў.

- Што ты робiш адзiн тут на дарозе й зь якога ты адзьдзелу? - гаркнуў палкоўнiк на Спарыша па-нямецку.

- Я з трыццатай дывiзii, спадар палкоўнiк. Мой адзьдзел пайшоў наперадзе, вы, пэўна, бачылi па дарозе...

- Я, яволь, - кiўнуў галавой афiцэр.

- ...а я крыху адстаў ззаду й стараюся дагнаць.

Афiцэр нiчога не адказаў, уважна сьвiдруючы Спарыша вачыма. Махнуў шафёру рукой, i машына памчалася далей. Сымон паскорыў крокi.

Маршыраваў больш дзьвюх гадзiн. Дарога была зусiм пустая. Яшчэ адзiн раз праехала невялiкая калёна нямецкiх вайсковых аўтамашынаў у заходнiм кiрунку. Пасажыры iх, здавалася, са зьдзiўленьнем кiнулi вокам на адзiнокага ўзброенага жаўнера на дарозе.

Трывога павялiчвалася ў Сымонавым сэрцы па меры наблiжэньня да свайго адзьдзелу. "А што будзе, калi прычэпяцца немцы? Што мяне чакае?" - думаў ён. Але пастановы ўжо не зьмянiў. У выпадку найгоршага разьлiчваў, што памогуць, заступяцца сябры. Шаша зноў накiравалася цераз мост на рэчцы Дуб i перакiнулася на паўночны яе бок. Воддаль хлопец заўважыў свой вабоз. Затрымаўся ён на шырокай лагчыне мiж шашой i рэчкаю. Канюхi, парасстаўляўшы каламажкi ля самага берагу рэчкi, ужо павыпрагалi й даглядалi коней, жаўнеры-ж мiтусiлiся навокал сваiх ужо дзе-нiдзе пабудаваных палатак. Шмат зь iх, пасабiраўшыся групамi, пераважна пры хурманках, над чымсьцi радзiлi.

Сымона здалёк заўважыў Вiктар i выбег насустрач.

- Ну як, уцёк? - сьмяяўся ён.

- Няхай цябе чорт, такога сябру! - скрывiўся Спарыш.