Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 82

К Акула

23 жнiўня 1944 года адзьдзел пакiнуў Альбрзхтаў i накiраваўся ў Розэнбэрг, каб заладоўвацца на цягнiк дзеля паездкi ў Францыю.

ПАДАРОЖЖА Ў ФРАНЦЫЮ

I

Нехта недзе зрабiў вялiкую памылку, загадаўшы перакiнуць трыццатую дывiзiю з Усходняй Прусii ў Францыю. Можа, пасьля асоба цi асобы, адказныя за тое, i плявалi сабе ў бароды за такi промах, калi пабачылi, да чаго тое прывяло. Ды было позна. Мо да пастановы спрычынiлiся пэўныя мяркаваньнi, але калi такiя й былi, то, пэўна-ж, яны не палягалi на разьлiку на найбольшую баёвую выдайнасьць дывiзii ў будучынi. Хiба-ж немцы ня ведалi, што для жаўнераў трыццатае дывiзii - беларусаў, украiнцаў, расейцаў i палякаў, найбольш небясьпечным ворагам быў бальшавiзм? Хiба-ж яны не прадугледжвалi, што ў змаганьнi з Чырвонай Армiяй мала каторы зь iх дастаўся-б жыўцом у бальшавiцкiя рукi?

Людзi, што пазналi й добра адчулi панаваньне Сталiна, мелi ўсе прычыны на сьвеце, каб змагацца супраць бальшавiкоў да апошняга патрону, навет ведаючы, што на другiм баку могуць быць iхныя браты, нявышкаленыя й сiлай загнаныя ў савецкiя шэрагi. Адылi ў iх ня было нiводнае прычыны, каб змагацца супраць заходнiх хаўрусьнiкаў. Хiба-ж за нямецкi чэрствы хлеб i той "фарфлюктар", хiба-ж за спаленыя немцамi вёскi, гвалчаных жанчын, за бацькоў, старых i дзяцей? Не, нiводнай прычыны да змаганьня з заходнiмi хаўрусьнiкамi ў iх ня было. Таму й дзiўным выдаваўся загад, паводле якога дывiзiя была накiраваная ў Францыю.

Ня ўсе жаўнеры адразу й поўнасьцю ўсьведамiлi, што загад гэны быў быццам Богам пасланым збаўленьнем. Мо некаторыя й нiколi таго не спасьцераглi, хаця, як чытач пазьней пабачыць, амаль усе скарысталi пасьля з нагоды, каб апынуцца на другiм баку, дастацца ў вольны сьвет. Дый чаму-ж было ня скарыстаць?

II

Эшалён, на якi заладавалiся адзьдзелы 4-га палка, мiнуўшы Торунь, Франкфурт-над-Одрай, праязджаў праз паўднёвыя прадмесьцi Бэрлiну. Тут першы раз на чыгуначнай станцыi была супрацьлятунская трывога. Зараз-жа ўсе цягнiкi пакiдалi станцыю, не так як у Вiльнi - дзе чакалi на няпрыяцельскiя бомбы.

На чыгунцы сустракалiся работнiкi з Усходу. Жаўнеры, праязджаючы, кiдалi iм цыгарэты, на якiя тыя прагна накiдвалiся. Усходнiя работнiкi часта вiдаць былi i на палях. Цi ў адным месцы жанчыны зграбалi й зьбiралi рукамi жытнiя каласкi. Немцы старалiся не пакiнуць на полi на змарнаваньне нiводнага зярнятка. Паабапал чыгункi там-сям тырчэлi рэдкiя сасновыя лясы, а спрактыкаванае сялянскае вока адразу заўважыла, што бедныя ўраджаi далi ў гэтым годзе пясчаныя глебы Саксонii. На другi дзень пад вечар, мiнуўшы Вiттэнбэрг, цягнiк на даўжэйшы час затрымаўся ў Ляйпцыгу.

Сымон быў прыдзелены да батальённай кухнi. Мусiў дапiльнаваць, каб былi дровы, вада, каб на час была распаленая кухня, ды наагул быў на загадах у кухара Вальтэра. Каля Сымона тоўкся й Вiктар. Абодва разьмясьцiлiся на адной з каламажак, што стаялi на адкрытых плятформах. Верх зацягнулi маскавальнымi палаткамi, званымi "пляндэкамi", пазатыкалi ўсе дзiркi й шчэлкi зь пярэдняга боку, каб не прадзьмуваў вецер, а ў сярэдзiне ўладзiлi ненайгоршы мярлог. Тут-жа збоку была й кухня, якую Сымон даглядаў, а Вiктар тое-сёе памагаў.