Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 84

К Акула

Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руiнаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункi калiсь быў вялiзны горад - сяньня там засталiся папялiшчы. Толькi высокая, ведамая па ўсiм сьвеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнiк над магiлай, стаяла цэлай. Высокай сьпiчастай вежай, нiбыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы зьвярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошаньнi й сьмерць, што адбывалiся ў зямным пекле.

Блiжэй, побач самой чыгункi, ня было руiнаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькiя лапiкi, што зелянiлiся агароднiнай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна-ж, гаспадары трымалi свае агароднiцкiя прылады, а мо й самi бавiлi якi час. Толькi ў адным такiм агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай мiж градак. Наагул людзей нiдзе ня было вiдаць. Цi-ж Франкфурт сапраўды замянiўся ў могiльнiк?

IV

- Спарыш! Спарыш! Уставай! - пачуў Сымон праз сон.

- Чаго?

- Пара хлапцоў будзiць, каб кухню дагледзiлi.

- Добра, ужо зараз.

Сымон выкарабкаўся паволi з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткi. Гэта клiкаў яго службовы падафiцэр Гуць.

- Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у, - пачулася тоненькiм голасам.

- Цiкава, якога пеўнiка сьпеў мы чуем, - голасна думаў, пацягваючыся, Сымон. - Можа, францускага? Як вы думаеце, спадар Гуць?

- Хутчэй усяго што францускага, - адказаў той.

Сымон разбудзiў хлапцоў, якiм чарга была даглядаць за кухняй, заспанымi вачыма паглядзеў на ахутаныя iмглою дамы нейкага гораду ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо больш ня мог спаць. Паволi пачалi прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагону дадумаўся, што нехта зь iх зрабiў ужо экскурсiю ў блiжэйшы сад i на ўвесь голас хвалiў смачныя сьпелыя яблыкi. Быў гэта голас самага выдатнага "садоўнiка" Курца.

"Садоўнiк" у гэты момант меў, пэўна-ж, шмат сяброў, бо чуваць было, як не адзiн прасiў яго, каб падзялiўся здабычай.

Калi Сымон, па некаторым часе, iзноў выкарабкаўся з хурманкi, пабачыў навокал сябе вялiкi паўразбураны горад. Зь левага боку чыгункi ляжаў густа зрыты бомбамi могiльнiк, там-сям тырчэлi павыкiданыя наверх косьцi, пахiлiлiся на бакi або зусiм павалiлiся надмагiльныя помнiкi.

- Навет i мерцьвякам супакою не даюць. Вось дык шэльмы, - вурчаў сам да сябе Сымон.

Побач цягнiка работнiкi папраўлялi пашкоджаныя бамбардзiроўкай шляхi чыгунак. Далей на левым баку вiдаць былi шматлiкiя комiны фабрыкаў. Там-жа высiлася ў праменьнях узыходзячага сонца вострая высокая вежа сьвятынi. Гэта быў Штрасбург - Эльзас, паводле таго-ж кухара Вальтэра - усё яшчэ Нямеччына.