Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 222
К Акула
"Каб гэта з Божай дапамогай, - думаў хлапец, - я стаўся нейкiм вялiканам або замянiўся ў непераможныя мiльёны, ведаў-бы, што рабiць. Пазьбiраў-бы па зямлi ўсе цацкi, званыя гарматамi, самалётамi й iншымi прыладамi зьнiшчэньня, пераплавiў-бы iх на плугi, машыны й iншыя прылады мiру й жыцьцёвага дабра, а ўсiм чысьценька людзям загадаў-бы працаваць i паводле запрацаванага атрымоўваць так, як вызначыў Бог. Даў-бы вольнасьць усiм народам i не дазволiў-бы на нiякiя крыўды цi зьдзекi. Любоў блiжняга сталася-б асноваю ўсяго жыцьця".
IV
Сымон часта параўноўваў сябе да пабочнага гледача, якi для задаваленьня цiкавасьцi выйшаў на гарадзкi ходнiк, каб прасачыць вялiкую й бурлiвую хвалю натоўпу, што бушавала й iмкнулася некуды да вызначанай мэты. Натоўп быў чужы, як i чужым было для яго змаганьне, на якое сьпяшылi хвалi людзей. Ён вось толькi сабе так, з простай, людзкой цiкавасьцi выйшаў з памяшканьня, каб блiжэй прыгледзецца, што навокал рабiлася й што азначала вялiкая мiтусьня. А мiтусьня й гармiдар павялiчвалiся, хвалi людзей нясупынна прабягалi мiма, дзесьцi чуваць было стралянiну, аднекуль несьлi параненых, цягнулi забiтых. Усё мацней бушавала й
буйнела людзкое мора. Яно разьлiлося ня толькi на шырыню прасторнай вулiцы, але пачынала паглынаць i тратуары. Шумела й пагражала, гвалтаўнела й раўло.
Пабочны глядач Сымон адчуваў i ведаў, што яго з тым морам нiчога ня лучыла, нiякiм чынам ня мог быць удзельнiкам, маленькаю пешкай у агульнай бушуючай стыхii. Стоячы гэтак i раздумваючы, не спасьцярог, як яго тоўхаюць i штурхаюць. Напаўдзiкая хваля, што ў чужой для яго мове тысячамi глотак крычала й раўла нейкiя лёзунгi, iмчала наперад, гусьцела й буйнела навокал. Ня прыйшло яму ў час у галаву, што можа паглынуць i панесьцi яго разам з сабой, дый не заўважыў, як, штурханы й пiханы чужымi локцямi й целамi, апынуўся ў самай яе гушчы - пасярод вулiцы. Сярэдзiна вулiцы была хрыбтом хвалi - плынь тут была найбольш ёмкая. Адно цяпер юнак спасьцярог, куды трапiў. Ногi яго, падбiваныя чужымi, чапалiся адна за другую, хаця-нехаця памалу крочылi ў агульнапрынятым кiрунку. У галаве мiльганула думка, што трэба за ўсякую цану ратавацца, вырвацца, прабiць неяк дарогу набок, iзноў апынуцца на ходнiку цi дзе далей зусiм збоку, адно каб у спакойным i зацiшным месцы. Калi ня ўдасца, ён дорага можа заплацiць за такую неасьцярожнасьць, бо воддаль вiдаць было ўжо мора агню, чуваць стрэлы гарматаў i дробнае зброi. Спрабаваў кiнуцца ў адзiн бок i ў другi, але людзкое мора так згусьцела, што трэба было разьвiтацца з думкамi аб ратунку. Хваля мела адзiн кiрунак i зь вялiкай гвалтоўнасьцю несла на хрыбце сваiм усё жывое. Нельга было ўстаяць i на месцы, бо вось тысячы людзей могуць павалiць цябе й растаптаць у жыдзенькае цеста. Выбару ня было - адно рухацца наперад ды за любую цану пры небясьпечнай нагодзе старацца захаваць жыцьцё.