Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

К Акула

Зь пяцiдзесяцi тысяч арганiзаваных людзей можна было-б утварыць корпус, што быў-бы вельмi паважнай ваеннай сiлай. Адылi немцы на гэта не дазволiлi, не давяраючы беларусам, i трымалi раздробленае войска пад сваiм пiльным наглядам. Беларуская Краёвая Абарона разам зь ейным беларускiм штабам была падпарадкаваная нямецкаму Генэрал-Камiсару Беларусi - ген. фон Готбэргу. Усе загады, пасыланыя беларускiм штабам у батальёны, мусiлi праходзiць празь нямецкi штаб Готбэрга. Такая залежнасьць беларускiх камандзераў ад немцаў не дала iм магчымасьцi выяўляць свае собскае iнiцыятывы.

Афiцэрскi склад Беларускае Краёвае Абароны з гледзiшча фаховых ведаў быў наагул слабы. Бальшыня людзей трапiла ў афiцэрскiя шэрагi з падафiцэраў i атрымала рангi праз штаб БКА ад прэзiдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Многа новаменаваных афiцэраў выявiлi добрыя камандзерскiя здольнасьцi i, калi-б былi магчымасьцi, маглi-б згуляць вялiкую ролю ў беларускiх збройных сiлах. Магчымасьцi былi абмежаваныя цесным нямецкiм кантролем.

У чэрвенi 1944 году ў Менск была паклiканая моладзь зь сярэдняй асьветай на першую Школу Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. На гэтую моладзь, нацыянальна добра ўзгадаваную ў беларускiх школах, наскрозь патрыятычную, штаб БКА ўскладаў вялiкiя надзеi. Апошнiм не суджана было збыцца. Змабiлiзаваныя сiлы БКА i Школа Камандзераў былi зьмеценыя зь беларускае зямлi наступаючымi з усходу бальшавiцкiмi армiямi.

Маса паклiканых, ня бачачы нiякае будучынi побач адступаючых гiтлераўскiх акупантаў, выбрала сьцяжыны да сваiх хатаў, хоцькi-ня-хоцькi запрагаючыся ў бальшавiцкае ярмо. Большасьць зь iх хутка пасьля прыходу бальшавiкоў была змабiлiзаваная ў Чырвоную Армiю i нявышкаленая, апынуўшыся на перадавых пазыцыях, каб "адкупiць свае грахi", страцiла жыцьцё. Iншыя-ж лiчылi больш мэтазгодным выбраць дарогу на захад. Характэрна, што ў лiку апошнiх апынулася цi не бальшыня самага перадавога, нацыянальна-патрыятычнага як грамадзкага, так i вайсковага актыву зь Беларусi.

БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Й РАДАСЛАЎ АСТРОЎСКI

"Кладуцца падвалiны", - пiсаў у менскай "Беларускай Газэце" ўвосень 1943 года ейны рэдактар Уладыслаў Казлоўскi з нагоды паклiканьня Беларускае Цэнтральнае Рады. Уладыслаў Казлоўскi загiнуў ад кулi бальшавiцкiх агентаў у Менску, дарма што быў беларускiм патрыётам, а не прыслужнiкам акупантаў. Пiшучы аб "падвалiнах" i маючы наўвеце Беларускую Цэнтральную Раду, Казлоўскi разумеў будову беларускага самастойнага нацыянальнага жыцьця. Загаловак перадавiцы быў няўдалым, бо падвалiнамi беларускага нацыянальнага самастойнага жыцьця (калi пад гiтлераўскай акупацыяй наагул можна было гаварыць аб нейкай самастойнасьцi) можна й трэба было лiчыць хутчэй беларускае школьнiцтва, арганiзацыю моладзi, а найбольш той нацыянальна-патрыятычны элемэнт, якi ахвярна вырываў з рук акупанта дзе што ўдалося ды як мага стараўся ратаваць народныя iнтарэсы, абараняць народ перад вынiшчэньнем...