Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 103

К Акула

- Дык што? Даеце слова?

- Я-ж афiцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... - мармытаў немец.

- Вы можаце гаварыць як чалавек.

- Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...

- А вы? - спытаў Дзежка ў Будкэ й "фольксдойча" Кацынскага.

- Я нiкога не зачаплю, - пасьпяшыў Будкэ.

- I я тэз... - вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.

- Вельмi добра. Такiмi мы заўсёды хацелi вас, немцаў, бачыць, каб з вамi часам як зь людзьмi льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўвалiся й паводзiлiся, як зьвяры. А цяпер... - тут Дзежка хапiў аўтаматы немцаў, павымаў зь iх магазыны з амунiцыяй i перадаў зброю ўласьнiкам, - можаце iсьцi назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце iсьцi.

У шчыльным кругу зрабiўся праход, i немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакiнулi месца збору.

- Я-б iх пусьцiў, гадаўё гэткае! - пагражаў голас.

- Пастраляў-бы, вось што!

- Вось разумнiк знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталiся? Цi, можа, прыпомнiць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы iх, ты страляў-бы сваiх.

- А-ах!

- Вось табе й а-ах!

Раптам усе загаварылi. Пачалiся нарады - як i што?

- Увага! - гукнуў Дзежка. - Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць i цёмна iсьцi, дый хто ведае, куды можна трапiць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сiлаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кiлямэтраў ад галоўнае дарогi, дзе затрымаемся да свiтаньня. Там ужо будзем бачыць.

Шнурком i групамi малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, i паволi зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлiкiя варажылi, што мусiла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзiны ночы пачаўся страшэнны лiвень. Далей iсьцi было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавiлi спынiцца. Людзi былi стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамi пад нагамi - жаўнеры, стулiўшыся пад дрэвамi, старалiся заснуць i перачакаць ноч.

III

Уночы хтосьцi моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскiроўкай.

- Эй, Сымон! - забубнеў голас да соннага хлапца. - Ты ня ранены?

- Га? Чаго,ты?

- Ты ня ранены?

Сымон ня зразу ўпрытомнеў, чаго ад яго хацелi. Так моцна спаў, што ня чуў нiякай стралялiны, а зусiм забыўся аб тым. што сябры ўцякалi ў горы.

- Што ты, здурэў? - крыкнуў ён злосна. - Якое ранены й чаго ранены? Уматывайся к чорту й не перашкаджай спаць!

Калi ён разбудзiўся ранiцай, заўважыў, што ўжо мусiла быць шмат пазьней, чымся звычайна, калi ўставала рота. Хутка стаў карабкацца з-пад свайго, нацягнутага на тры палачкi, маскавальнага трыкутнiка. Таўхануў пасярэдзiне палатно, i вада лiнула яму за шыю. Гэта ноччу дождж налiў на версе маскiроўкi маленькую сажалку.

- Вось, каб цябе нячыстая! - вылаяўся.

Лёгкi туман пакрываў далiну рэчкi. Пацягваючыся й расчэсваючы буйныя валасы, Сымон аглядаўся навокал. Абуў чаравiкi, апрануў мундзiр i схапiў кацялок, каб пайсьцi зачэрпнуць з рэчкi вады й памыцца. Але тут вельмi дзiўнай раптоўна выдалася навакольная цiшыня.