Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

К Акула

- Нiчога дзiўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступiўся?

- Няма нiякага прафсаюзу й нiхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступiцца за яго. Толькi адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?

- Няцяжка адгадаць.

- Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.

Наступiла цяжкое й нязручнае маўчаньне. Алесь ведаў як уквялiлi старога пiсьменьнiка, паводле сваёй сацыяльнай пазыцыi ў гэтай краiне "вялiзных магчымасьцяў" - чысьцiльнiка адходкаў цi прыбiральняў. Тут-жа яшчэ з шырака ўжываным ярлыком - "пракляты дыпiс". Укалолi ў сэрца, цi, як накш кажуць, задзелi за жывое i самога Алеся. Удар па чалавечай годнасьцi. Новы сьвет, ура! Свабода! Вольны рынак! Адчынiлi дзьверы, каб прыхiнуць, даць прытулак гаротнiкам, што ўцяклi ад жахлiвага Гулагу. Людзi спадзявалiся, што змогуць даць у скарбнiцу гэтай гасьцiннай краiны свае жыцьцёвыя практычныя i навуковыя здабыткi, перасьцерагчы гэты наiўны сьвет перад надыходзячай небясьпекай... Прынялi. Шчотку й мятлу ў рукi, плястыковыя рукавiцы, дызынфэктар i парашок ды мыла - бяжыце падлогi ды адходкi мыць i чысьцiць! I за гэта iм азадкi маеш цалаваць, бо вунь грамада беспрацоўных дзьверы ломiць.

- Я разважаў пра гэта, - прадаўжаў, ходзячы па пакоi Шпак, - разглядаў усякiя за i супраць, стараўся зiрнуць на сытуацыю зь iхнага боку. I не знайшоў апраўданьня, цi, калi хочаш, рацыянальнасьцi. Чалавека паставiлi тварам да сьцяны i зьвязалi яму ззаду рукi. Нiчога ня мае вагi апроч тваiх мускулаў i фiзычнае трываласьцi. I гэтта збоку кiваецца пагражальны прывiд. Разумееш? Чалавек аж дрыжыць ад самае думкi, што-б ён рабiў, калi-б апынуўся ў сытуацыi таго злашчаснага Эстонца...

- Ды гэта толькi невялiкая частка цэласьцi. На жаль, чалавек створаны ня толькi з касьцей ды цела, а перадусiм мускулаў. А тут, як выглядае, няма месца для iншых, прынамсi ў тым асяродзьдзi, дзе я апынуўся. Што за джунгля! Цяпер можа разумееш крыху лепш тых людзей, пераважна выгнаньнiкаў, навуковых, творчых, камэрцыйных цi кроўных арыстакратаў - каторых бальшавiцкая контррэвалюцыя выплюнула на рынак парыскiх цi бэрлiнскiх кэльнэраў, таксiстаў, падчышчальнiкаў адходных ды iншых так званых працаў, пра якiя пазьней iранiзавалi бальшавiцкiя забойцы й будаўнiкi канцлягераў сьмерцi... А цяпер i многiя з нас, старшыя векам, у падобнай сытуацыi, адно мы - дзецi з раськiданых гнёздаў, нiякая там кроўная арыстакрацыя, а бедныя дзецi вялiкага запрыгоненага народу, якiя вучылiся, каб розумам сваiм i ведамi прыдбаць яму лепшы быт. I тут во - на табе! Трапiлi куды, мой ты Божа! I калi згадаеш тыя вялiкiя спадзяваньнi, якiмi жылi, ступаючы на гэтую зямлю. Калi падумаеш, што можна было-б зрабiць, чым памагчы паняволеным народам, усiм iм - ня толькi беларускаму, - але нават i расейскаму, бо i ён-жа таксама гэтымi махлярамi-мафiяй паняволены...

Алесь пазiраў на змораны пiсьменьнiкаў твар. Ведаў, што чалавек мае выгаварыцца-выспавядацца хоць перад адной спагадлiвай душой. Можа тады, як людзi кажуць, удвая палягчэе. У даным выпадку Алесь уяўляў сябе нейкай губкай, што ўсосвае накопленую ў Шпакавым арганiзьме горыч. Цi варта было цяпер што Шпаку гаварыць, ды, - баранi Божа! - супярэчыць? Ягонае, Алесева, заданьне цяпер - тут прысутнiчаць, слухаць, спагадаць. Гаеньне, калi цела ня гноiць гангрэна, патрабуе часу. А Шпак прадаўжаў.