Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 29

К Акула

- Няма прычынаў, каб не пацягнуў, - сказаў Антон Шпак i сеў.

- З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятнiцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар...

- Гонар быў-бы мой, - уставiў Шпак, - але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць i пiць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якiх ты напэўна ўжо запрасiў, мала супольнага са мною маюць.

- Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьнiцы, прыхадзiце й гуляйце. Нiхто нiкога пiць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.

Iншым разам пiсьменьнiк ужо згадзiўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мiнулым.

- У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, - усьмiхнуўся Алесь.

На бацькаўшчыне яны не сустракалiся. Алесь чуў пра Шпака i вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёмiлiся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар'ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскi падыход, добрыя адносiны, шчырасьць i запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнiм месцы "помач добрага сябры" размылi ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьцi. Пiсьменьнiк цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.

- Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, налiў з крану шклянку вады, выпiў i зноў сеў.

- Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзялiцца? Можа я памог-бы...

- Не, Алесь, нiхто не паможа мне, калi сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмi цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.

- Пра якую гэта вы помач гаворыце?

- Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў i навошта нам у жмуркi гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сiлы палажыў на гэта.

- Нешта запраўды вельмi важнае i балючае, - сказаў Алесь.

- Балючае.

Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.

- Магчыма я некалi згадваў табе пра чалавека, якi працаваў са мной у гатэлi, - павольна гаварыў пiсьменьнiк. - Перад вайной у Эстонii ён меў высокi чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў мiнiстэрстве адукацыi, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны i культурны чалавек.

- Здаецца, што вы мне раней расказвалi пра яго, - перарваў Шпака Алесь. - Чаму вы кажаце працаваў? Цi ўжо не працуе?

- Але-ж ты скачаш наперад... Паслухай, не ганi. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавiты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш? На пару гадоў старэйшы за мяне, страцiў сям'ю падчас вайны, уцёк перад бальшавiкамi. Здароўе ягонае пайшло на скон. Апроч фiзычных нямогласьцяў цярпеў i маральныя. Уявi сабе як цяжка iнтэлектуалу вытрымаць цяжкасьцi быту, усьведамляючы, што не на тое вучыўся, каб чысьцiць адходкi грашовых арыстакратаў...

- Так, так ведаю. Дык што сталася?

- Учора яго з працы выкiнулi.

- Выкiнулi? Чаму?

- Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовiлi яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў i заснуў. Бос злавiў яго i тут-жа, нягоднiк, выгнаў з працы!